Каментары
КАНДЫДАЦКІ КОНКУРС ЗМЕНШЫЎСЯ АМАЛЬ УДВАЯ
2004-09-20
Аўтар: Каментар ад 20 верасня 2004 года
Такія вынікі чарговага этапа выбарчай кампаніі - рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты акруговымі камісіямі. Усяго пра сваё жаданне балатавацца тым ці іншым чынам заявілі 692 чалавекі. Аднак жаданы статус кандыдата ў дэпутаты атрымалі крыху больш за палову з іх. Дарэчы, паўтары сотні чалавек падалі ў Цэнтрвыбаркам скаргі на сваю нерэгістрацыю, так што колькасць прозвішчаў у выбарчых бюлетэнях крыху павялічыцца. Хаця, наўрад ці гэта істотна.
Значнае змяншэнне конкурсу сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат азначае, што па досыць вялікай колькасці акругаў дэпутаты будуць абраны ўжо ў першым туры, 17 кастрычніка. Нагадаем, што напярэдадні парламенцкай кампаніі прэзідэнт Беларусі якраз і выказаў пажаданне, каб выбары прайшлі хутка.
Паводле інфармацыі ЦВК, асноўнымі прычынамі адмовы ў рэгістрацыі стала падача несапраўдных звестак аб даходах і маёмасці, а таксама няправільна сабраныя подпісы грамадзян за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Гэта значыць, называюцца чыста бюракратычныя прычыны. Па многіх выпадках адмовы ў рэгістрацыі не спрачаецца і апазіцыя, прызнаючы свае юрыдычныя памылкі, аднак ў вялікім шэрагу эпізодаў адсейванне сваіх кандыдатаў праціўнікі ўлады называюць палітычна матываваным.
Між тым татальнай фільтрацыі апазіцыянераў не адбылося. Незарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты аказаліся прыкладна палова апазіцыйных прэтэндэнтаў. Гэта значыць, тут паказчык гэткі ж, як і ў цэлым сярод тых, хто спрабаваў балатавацца.
Дарэчы, трагедыі з гэтага апазіцыя не робіць і спадзяецца, што ёй удасца правесці сваіх прадстаўнікоў у парламент.
Хоць прыярытэт у яе цяпер - не выбары, а рэферэндум. З 20 верасня ў Беларусі пачалася агітацыйная кампанія. І ўсе апазіцыйныя кандыдаты дружна прысвяцяць свае звароты да выбаршчыкаў у газетах, на радыё і тэлебачанні галоўным чынам тэме плебісцыту, заклікаючы беларусаў прагаласаваць супраць новага прэзідэнцкага тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі.