Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

17 КАСТРЫЧНІКА БЕЛАРУСЫ ВЫКАЖУЦЬ СВАЁ СТАЎЛЕННЕ ПА ПЫТАННІ ПРАЦЯГУ ПРЭЗІДЭНЦТВА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


2004-09-08

Аўтар: Каментар ад 8 верасня 2004 года

Трэба сказаць, ягонае правядзенне чакалася. Цягам гэтага года кіраўнік дзяржавы неаднаразова заяўляў пра тое, што не выключае свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Ён гаварыў, што калі прыме такое рашэнне, то папытае дазволу ў народу на рэферэндуме. Рэч у тым, што Канстытуцыя абмяжоўвае перыяд знаходжання аднаго чалавека на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі. А Лукашэнка 9 верасня 2001 года быў абраны кіраўніком дзяржавы другі раз. Гэта значыць праз два гады яго прэзідэнцкія паўнамоцтвы заканчваюцца.

На ўсенароднае галасаванне 17 кастрычніка будзе вынесена наступнае пытанне: "Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: "Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні?".

У цяперашняй рэдакцыі Канстытуцыі ён абвяшчае: "Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны".

Няцяжка заўважыць, што прэзідэнт прапануе наогул зняць канстытуцыйнае абмежаванне наконт колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў. Гэта значыць чыста тэарэтычна, у выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, Лукашэнка можа заставацца кіраўніком дзяржавы нават пажыццёва.

Вынясенне на рэферэндум пытання аб сваім праве балатавацца ў прэзідэнты яшчэ як мінімум адзін раз Аляксандр Лукашэнка патлумачыў тым, што хоча захаваць у Беларусі стабільнасць. Кіраўнік дзяржавы даў зразумець, што гэта ягоная заслуга: "Я беражліва і з хваляваннем нясу перад сабой на сваіх руках гэты светлы, хрустальны сасуд, імя якому - Беларусь. Нясу, баючыся яго выпусціць, бо ўжо вельмі ён крохкі і кволы. Згадзіцеся, мы б не хацелі, каб гэтая чысціня і створанае намі хараство трапіла ў рукі безадказнага, выпадковага палітыка".

Паводле звестак чэрвеньскага сацыялагічнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, толькі траціна беларускага насельніцтва падтрымлівае ідэю новага прэзідэнцкага тэрміну для Аляксандра Лукашэнкі. Апазіцыя на аснове гэтых звестак заяўляе, што, калі ўсенароднае галасаванне пройдзе сумленна, без фальсіфікацый, то прэзідэнт рэферэндум прайграе.

Сам жа кіраўнік дзяржавы на прэс-канферэнцыі 20 ліпеня, у дзень дзесяцігоддзя свайго кіравання, заявіў, што яго падтрымлівае 65 працэнтаў беларусаў, 10 працэнтаў - не, а 25 працэнтаў насельніцтва - вагаюцца.