Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ВЫЛУЧАНЫЯ ВА ЎЧАСТКОВЫЯ КАМІСІІ АПАЗІЦЫЯНЕРЫ АТРЫМАЛІ АМАЛЬ СТОПРАЦЭНТНУЮ АДМОВУ


2004-09-03

Аўтар: Каментарый ад 3 верасня 2004 года

А ўсяго створана 6.619 камісій. У Брэсцкай вобласці сфарміравана 991 з іх, 1.000 будуць працаваць у Віцебскай, 1.113 - у Гомельскай, 857 - у Гродзенскай, 1.160 - у Мінскай абласцях, 862 - на Магілёўшчыне, 656 - у сталіцы. Яшчэ 40 участковых выбарчых камісій арганізаваны за мяжой.

Згодна з Выбарчым кодэксам, колькасць членаў участковых выбарчых камісій можа складаць ад 5 да 19 чалавек - у залежнасці ад колькасці выбарчышкаў, прыпісаных да таго ці іншага ўчастка. У выніку ж аказалася, што ў сярэднім у кожную камісію ўключана па 11 чалавек.

Больш за іншых у склад участковых камісій уваходзяць тыя, хто быў вылучаны туды ад грамадзян - 50,6 працэнта, 36,4 працэнта - ад працоўных калектываў, 5 працэнтаў з'яўляюцца прадстаўнікамі органаў, якія гэтыя самыя камісіі непасрэдна і фарміравалі. Гаворка ідзе аб раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтах.

Што тычыцца членаў палітычных партый, то ў складзе ўчастковых камісій яны разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый складаюць усяго 8 працэнтаў.

Прычым апазіцыянеры туды практычна на трапілі, хаця і вылучаліся ў досыць вялікай колькасці. Апазіцыйныя палітычныя партыі прапанавалі сваіх прадстаўнікоў для ўключэння ў склад участковых камісій практычна ва ўсіх акругах. Аднак такая масавасць вылучэння ніякага эфекта не дала. Усё закончылася амаль стопрацэнтным адсейваннем.

Напрыклад, з 37 прадстаўнікоў Партыі камуністаў Беларускай, вылучаных у члены ўчастковых выбарчых камісій па 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе горада Мінска, ніводны не быў ўключаны ў іх склад. У Маладзечне Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада вылучала ў камісіі 36 чалавек - не прайшоў ніхто. У Мінскай выбарчай акрузе, дзе балаціруецца лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, з 27 яе членаў у камісіі таксама нікога не ўключылі.

Не цяжка было спрагназаваць, што ў выніку такога развіцця падзей, апазіцыя заявіць аб тым, што ўлады ўзялі выбарчую кампанію пад свой поўны і жорсткі кантроль, і будуць выкарыстоўваць магутны адміністрацыйны рэсурс. Так яно і адбылося.

Праціўнікі ўлады адзначаюць, што лічыць галасы ў камісіях будуць у большасці сваёй тыя ж людзі, якія працавалі ў іх складзе і падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Гэта значыць, тыя, каго ўлады лічаць лаяльнымі і надзейнымі. А значыць, вынікі галасавання 17 кастрычніка ў першым туры і 31 кастрычніка ў другім перадвызначаны?

"Вертыкаль" нізавога ўзроўню, якая і фарміравала ўчастковыя камісіі, сцвярджае, што туды ў асноўным бралі тых, хто мае адпаведны вопыт працы. Але, паколькі, напрыклад, на мясцовых выбарах у гэтых камісіях было ўсяго 0,3 працэнта апазіцыянераў і не болей - на бягучых парламенцкіх, сама па сабе напрошваецца выснова, што дапамагаць лічыць галасы выбаршчыкаў іх не дапусцяць ніколі...