Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ПАПЯРЭДНІ КОНКУРС НА ВЫБАРАХ СКЛАДАЕ 5 ЧАЛАВЕК НА ДЭПУТАЦКАЕ МЕСЦА


2004-08-17

Аўтар: Каментар ад 17 жніўня 2004 года

Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, усяго на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты было пададзена 635 заявак. Пераважная большасць з іх задаволена. Некалькі дзесяткаў адмоў у рэгістрацыі ў асноўным былі з-за парушэнняў прынцыпу добраахвотнага ўдзелу ў рабоце групы, уключэння ў яе склад непаўнагадовых і асобаў небеларускага грамадзянства.

Такім чынам, папярэдні конкурс на выбарах складае 5 чалавек на дэпутацкае месца.

Праціўнікі ўлады заяўляюць, што і на гэтым этапе выбарчай кампаніі ім чыніліся ўсялякія перашкоды, каб не дапусціць рэгістрацыі ініцыятыўных груп самых канкурэнтаздольных прадстаўнікоў апазіцыйных сіл і перашкодзіць іх вылучэнню ў якасці кандыдатаў у дэпутаты.

Апазіцыянеры гавораць, што самым распаўсюджаным прыёмам стала аказанне націску па месцы працы на членаў ініцыятыўнай групы, у выніку чаго яны заяўлялі пра свой выхад з яе. А калі ў групе застаецца менш за 10 чалавек, яе паводле закона не рэгіструюць. У выніку некаторым апазіцыйным кандыдатам у дэпутаты даводзілася па некалькі разоў нанова фарміраваць свае групы падтрымкі і падаваць заяўкі на іх рэгістрацыю. Як адзначае праваабарончы цэнтр "Вясна", раней такія метады для выключэння з перадвыбарнай барацьбы кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыі не выкарыстоўваліся.

Былі і іншыя негатыўныя эпізоды. Так, праблемы з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы ўзніклі ў лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 38. Члены акруговай камісіі запатрабавалі ад яго ініцыятыўнай групы падаць пацвярджэнне, што Калякін з'яўляецца грамадзянінам Беларусі. Аднак падача такіх звестак не прадугледжана выбарчым заканадаўствам. На бок Калякіна сталі ў Цэнтрвыбаркаме, пасля чаго яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі.

Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы будуць да 6 верасня займацца зборам тысячы подпісаў грамадзян, якія жывуць у той ці іншай выбарчай акрузе. Гэта - адзін з трох спосабаў, што даюць права на вылучэнне кандыдата ў дэпутаты. Яшчэ два - ад палітычнай партыі і ад працоўнага калектыву з колькасцю тых, хто працуе, не менш за 300 чалавек.