Каментары
У АКРУГОВЫЯ ВЫБАРЧЫЯ КАМІСІІ ЎКЛЮЧАНА МАЛА ПРАДСТАЎНІКОЎ АПАЗІЦЫЙНЫХ ПАРТЫЯЎ
2004-08-03
Аўтар: Каментарый ад 3 жніўня 2004 года
Згодна з заканадаўствам, у іх павінна быць ад 5 да 13 чалавек. Аднак усе яны запоўнены па максімуму. У выніку ў акруговых выбарчых камісіях будуць працаваць 1.430 чалавек. Заявак жа ад прадстаўнікоў партый, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый на гэтыя месцы было пададзена амаль удвая больш. Гэта значыць выбар у абласных выканаўчых камітэтаў і прэзідыумаў абласных Саветаў дэпутатаў, менавіта ў іх кампетэнцыю ўваходзіць фарміраванне акруговых выбарчых камісій, быў дастаткова шырокі.
Большасць у складах акруговых выбарчых камісій атрымалі прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Прычым у асноўным уманціраваных у сістэму дзяржаўнай улады. Напрыклад, гэта - члены Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага саюза жанчын. Прадстаўнікоў палітычных партый у акруговых выбарчых камісіях - 7 працэнтаў (размова ідзе як аб апазіцыйных партыях, гэтак і аб лаяльных да ўлады). Апазіцыянераў - раз, два і аблічыўся. Напрыклад, з 91 заяўкі на членства ў камісіях ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі задаволены толькі 5.
Зрэшты, наўрад ці можна было чакаць, што "вертыкаль" улады і мясцовыя Саветы, якія Аляксандр Лукашэнка называе апорай дзяржавы, дадуць зялёнае святло апазіцыі. З другога боку, доля прысутнасці яе прадстаўнікоў у акруговых выбарчых камісіях ненашмат ніжэйшая за ступень вядомасці і папулярнасці апазіцыйных палітычных партый у беларускім грамадстве.
Чакаемым было і тое, што апазіцыя стане гаварыць аб несправядлівасці вынікаў фарміравання камісій. Па якіх жа крытэрыях ажыццяўляўся туды адбор? На адной з прэс-канферэнцый старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сказала, што ў акруговыя выбарчыя камісіі больш шансаў трапіць у людзей, якія маюць юрыдычную адукацыю або вопыт удзелу ў электаральных кампаніях. Гэта азначае, па гэтай логіцы, што атрымліваецца: паколькі прадстаўнікоў апазіцыі практычна не было ў складах камісій на мінулых выбарах, іх шансы трапіць туды і цяпер былі мізэрныя. Нарэшце, праціўнікі ўлады заяўляюць, што ёсць прыклады, калі ў акруговыя выбарчыя камісіі не бралі нават апазіцыянераў-юрыстаў.
Вядома, вынікі гэтага этапа парламенцкіх выбараў апазіцыя пракаменціравала негатыўна. Яна абвінавачвае ўлады ў тым, што тыя зрабілі ўсё, каб пазбегнуць кантролю за працай акруговых выбарчых камісій з боку палітычна актыўнай і дэмакратычна настроенай часткі беларускага грамадства. І, маўляў, з самага пачатку выбарчая кампанія пайшла па татальным сцэнарыі ўлад.
Далей прагназуюцца ігнараванне прадстаўнікоў апазіцыйных партый пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій, масавыя адмаўленні апазіцыянерам у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты і фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Тым не меней, апазіцыя працягвае перадвыбарную барацьбу.