Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Каментары

ПАРЛАМЕНЦКІЯ ВЫБАРЫ, НАПЭЎНА, ПРОЙДУЦЬ ПРАДКАЗАЛЬНА


2004-07-14

Аўтар: Стартавы каментарый ад 14 ліпеня 2004 года

Чарговыя выбары ў ніжнюю палату беларускага парламента - Палату прадстаўнікоў - адбудуцца 17 кастрычніка 2004 года. Адпаведны ўказ падпісаў 14 ліпеня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя парламенцкія выбары, як і папярэднія, пройдуць па мажарытарнай сістэме. Барацьба разгорнецца за 110 дэпутацкіх мандатаў. На правядзенне выбараў-2004 будзе выдаткавана амаль 13 мільярдаў рублёў.

У адрозненне ад парламенцкіх выбараў 2000 года, на гэты раз у іх возьме ўдзел амаль уся апазіцыя - за выключэннем Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком, якая залікае беларусаў да байкоту. Між тым, згодна са звесткамі нацыянальнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, праведзенага ў чэрвені, толькі 6,6 працэнта выбаршчыкаў не збіраюцца ісці на выбары. Маюць намер узяць удзел у галасаванні 62,6 працэнта насельніцтва. Гэтыя лічбы дазваляюць меркаваць, што выбары адбудуцца (для гэтага неабходная яўка 50 працэнтаў выбаршчыкаў), а тактыка байкоту неэфектыўная.

Апазіцыя, якая возьме ўдзел у выбарах, не мае асобых ілюзій наконт свайго больш-менш масавага прадстаўніцтва ў новым складзе парламента. Выбары ў Палату прадстаўнікоў праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі разглядаюць як прадмову да выбараў кіраўніка дзяржавы ў 2006 годзе - у прыватнасці, як легальную магчымасць для палітычных камунікацый з насельніцтвам.

Апазіцыя загадзя заяўляе аб тым, што ўлады рухтуюцца прымяніць адміністрацыйны рэсурс і нават могуць пайсці на фальсіфікацыю вынікаў галасавання. Акрамя таго, апазіцыянеры скардзяцца на няроўныя ўмовы перадвыбарнай барацьбы: напрыклад, яны гавораць аб манапалізацыі ўладамі як друкаваных, гэтак і электронных дзяржаўных СМІ.

Калі падобныя негатыўныя факты падчас выбараў будуць пацверджаны, то новая Палата прадстаўнікоў рызыкуе аказацца непрызнанай сусветнымі дэмакратыямі. Каб гэтага не здарылася, беларускія ўлады ў апошні час сталі прадпрымаць меры, скіраваныя на тое, каб распачатая выбарчая кампанія мела рэпутацыю сумленнай і справядлівай.

Напрыклад, 8 ліпеня адбылося падпісанне заявы паміж Рабочай групай Парламенцкай асамблеі АБСЕ і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй у гэтай арганізацыі, у якой беларускі бок абяцае спрыяць таму, каб парламенцкія выбары ў нашай краіне прайшлі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ. У тым ліку гэта датычыцца роўнага і свабоднага доступу апазіцыі да дзяржаўных СМІ і прысутнасці яе прадстаўнікоў на ўсіх узроўнях выбарчых камісій. Праўда, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, каменціруючы падпісанне гэтай заявы, сказала, што гэта палітычны, а не юрыдычны дакумент.

Шансы на поспех беларускіх апазіцыянераў не выглядаюць большымі з-за таго, што яны ідуць на выбары не адным блокам, а адразу трыма калонамі (гэта - Народная кааліцыя "Пяцёрка плюс", Еўрапейская кааліцыя "Свабодная Беларусь" і блок "Маладая Беларусь").

Згодна з апытаннем НІСПД, за кандыдатаў ад апазіцыйных блокаў гатовы галасаваць 15-20 працэнтаў выбарчшыкаў. 54,4 працэнта беларусаў аддадуць свае галасы за незалежных кандыдатаў, а за тых, хто будзе балаціравацца ў дэпутаты пад лозунгамі падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, збіраюцца прагаласаваць 36,7 працэнта.

Усё гэта дае падставы меркаваць, што парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць прадказальна, і новы склад Палаты прадстаўнікоў будзе прапрэзідэнцкім.