Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Хронiка

РЭКТАР ГРОДЗЕНСКАГА ДЗЯРЖУНІВЕРСІТЭТА С.МАСКЕВІЧ АФІЦЫЙНА АБ'ЯЎЛЕНЫ ПЕРАМОЖЦАМ ВЫБАРАЎ У ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ АКРУЗЕ № 52

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 25 сакавіка. Пераможцам на паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 52 афіцыйна аб'яўлены рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Маскевіч. Выбары, нагадаем, прайшлі 20 сакавіка. Такім чынам, вакансій у ніжняй палаце парламента больш не засталося. Вынікі выбараў у 52-й акрузе былі зацверджаны 25 сакавіка на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, за С.Маскевіча прагаласавалі 65,3 працэнта выбаршчыкаў, якія прыйшлі на выбары. У цэлым яўка склала 59,3 працэнта. Зацвярджэнню вынікаў папярэднічаў разгляд скаргі аднаго з былых кандыдатаў па Гродзенскай-Цэнтральнай акрузе Валерыя Фралова. У сваёй заяве ён патрабаваў прызнаць выбары несапраўднымі. Сярод дапушчаных парушэнняў Выбарчага кодэкса В.Фралоў указаў: непрадастаўленне выбарчымі камісіямі звестак аб датэрміновым галасаванні; нядопуск прадстаўнікоў СМІ на асобныя выбарчыя ўчасткі; выдварэнне з аднаго з участкаў акрэдытаванага назіральніка. Аднак члены ЦВК палічылі, што ў сваёй скарзе В.Фралоў не прывёў фактаў і пераканаўчых доказаў таго, што вынікі выбараў не адпавядаюць сапраўднаму волевыяўленню грамадзян. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначыла, што, нягледзячы на асобныя "шурпатасці", выбары былі арганізаваны на высокім прафесійным узроўні. "Гэтыя выбары прайшлі на рэдкасць спакойна, а скарга, перададзеная ў ЦВК Валерыем Фраловым, проста не сур'ёзная", - сказала Л.Ярмошына.