Хронiка
ВЫБАРЧЫ ШТАБ С.АНТУСЕВІЧА РЫХТУЕ СКАРГУ З ПЕРАЛІКАМ ФАКТАЎ ПАРУШЭННЯЎ ПАДЧАС ВЫБАРАЎ АД ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ АКРУГІ
2005-03-22 11:35:00
Аўтар: Ірына ЛЕЎШЫНА, БелаПАН.
Мінск, 22 сакавіка. Выбарчы штаб Сяргея Антусевіча - кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 52 - рыхтуе скаргу ў Гродзенскую абласную пракуратуру. Пра гэта паведаміла прэс-служба Партыі БНФ, членам якой з'яўляецца С.Антусевіч. У скарзе будуць пералічаны ўсе парушэнні, зафіксаваныя назіральнікамі ад Партыі БНФ падчас паўторных выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, якія прайшлі ў Гродне 20 сакавіка.
Нагадаем, што на месца дэпутата ад акругі № 52 прэтэндавалі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч, лідэр арганізацыі Беларускага незалежнага парфсаюза ААТ "Гродна-Азот", актывіст Партыі БНФ С.Антусевіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога склікання Валерый Фралоў. Перамог С.Маскевіч, які набраў, паводле афіцыйных звестак, 65,33 працэнта галасоў выбаршчыкаў. За С.Антусевіча (ізноў жа паводле звестак ЦВК) прагаласавалі 14,22, за В.Фралова - 12,4 працэнта выбаршчыкаў.
"Тое, што адбылося ў Гродне, інакш як фарсам назваць нельга", - заяўляе лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка. С.Антусевічу, зазначае ён, "не далі магчымасці надрукаваць агітацыйную прадукцыю, кіраўніка яго штаба Вадзіма Саранчукова арыштавалі і ён знаходзіцца пад вартай, з выбарчых участкаў выганялі не толькі нашых назіральнікаў, але нават і замежных журналістаў".
"У нас няма ілюзій наконт таго, што ў Беларусі пры цяперашнім палітычным рэжыме выбараў у нармальным сэнсе гэтага слова няма і не будзе. І справа тут не столькі ў заканадаўстве, колькі ў агульнай атмасферы ў краіне", - лічыць лідэр Партыі БНФ.
Паводле яго слоў, падзеі ў Гродне пацвердзілі ўпэўненасць членаў Партыі БНФ у тым, што "рыхтавацца да наступнай выбарчай кампаніі патрэбна, улічваючы гатоўнасць людзей не толькі галасаваць, але і адстойваць свой рэальны выбар".