Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў Нацыянальны сход i рэферэндум 2004 года
 
Хронiка

НА АДЗІН З ВЫБАРЧЫХ УЧАСТКАЎ ГРОДНА СПРАБАВАЛІ НЕ ДАПУСЦІЦЬ КАРЭСПАНДЭНТА ГАЗЕТЫ "НАРОДНАЯ ВОЛЯ"


2005-03-20 18:10:00

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.

Гродна, 20 сакавіка. На 36-ты ўчастак Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 52, дзе 20 сакавіка праходзяць паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, спрабавалі не дапусціць карэспандэнта недзяржаўнай газеты "Народная воля" Вольгу Класкоўскую. Як паведаміла БелаПАН В.Класкоўская, інцыдэнт адбыўся каля 15 гадзін. "Як толькі я зайшла на ўчастак, размешчаны ў гімназіі № 1, да мяне падышла член камісіі і запатрабавала пакінуць памяшканне. Мяне не пускалі пад усялякімі маркамі", - сказала журналістка. Паводле яе слоў, сітуацыя змянілася толькі пасля званка сакратару Цэнтрвыбаркама Мікалаю Лазавіку. "Яму трэба аддаць належнае: ён аператыўна перазваніў старшыні ўчастковай камісіі, правёў тлумачальную гутарку, і я змагла выконваць свае прафесійныя абавязкі", - паведаміла В.Класкоўская.