Хронiка
ПА СТАНЕ НА 12.00 У ВЫБАРАХ ДЭПУТАТА АД ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ АКРУГІ № 52 УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ 28,66 ПРАЦЭНТА ВЫБАРШЧЫКАЎ
2005-03-20 14:36:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 20 сакавіка. 20 сакавіка па стане на 12.00 у выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гродзенскай-Цэнтральнай акругі № 52 узялі ўдзел 28,66 працэнта выбаршчыкаў. Пра гэта БелаПАН паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Нагадаем, каб выбары адбыліся, удзел у іх павінны ўзяць больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў.
Сакратар ЦВК таксама пракаментаваў сітуацыю з адмовай у допуску на выбарчыя ўчасткі шэрагу дэпутатаў мясцовых саветаў, якія прыбылі ў Гродна назіраць за выбарамі з іншых рэгіёнаў. Паводле яго слоў, участковыя камісіі дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам. Як зазначыў М.Лазавік, згодна з законам аб статусе дэпутатаў мясцовых саветаў іх кампетэнцыя распаўсюджваецца толькі на тэрыторыю іх выбарчай акругі. Іншай інфармацыі пра канфлікты падчас галасавання ЦВК не валодае, зазначыў М.Лазавік.
У той жа час у Выбарчым кодэксе гаворыцца: "пры правядзенні выбараў, рэферэндуму, адклікання дэпутата, члена Савета Рэспублікі маюць права прысутнічаць назіральнікі - дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў".
На месца ў парламенце прэтэндуюць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Валерый Фралоў, актывіст Партыі БНФ Сяргей Антусевіч і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч. Галасаванне будзе праводзіцца да 20.00.