Хронiка
НЕЗАЛЕЖНЫХ ЖУРНАЛІСТАЎ СПРАБУЮЦЬ НЕ ПУСЦІЦЬ НА НЕКАТОРЫЯ ВЫБАРЧЫЯ ЎЧАСТКІ Ў ГРОДНЕ
2005-03-20 14:00:00
Аўтар: Лавінія АРЭШКА, БелаПАН.
Мінск, 20 сакавіка. У Гродне, дзе 20 сакавіка адбываюцца паўторныя выбары дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Гродзенскай-Цэнтральнай акругі № 52, супрацоўнікі некаторых выбарчых камісій спрабуюць не пусціць незалежных журналістаў на ўчасткі.
Як паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, на адным з участкаў адмовіліся прапусціць і зарэгістраваць журналістку газеты "Згода" Алёну Андрээву. Паведамляецца, што "ад яе патрабавалі прад'явіць пасведчанне аб рэгістрацыі выдання, што не прадугледжана ніводным нарматыўным актам". Пасля таго як А.Андрэева прадставіла факсімільную копію пасведчання, яе ўсё роўна не зарэгістравалі. Зараз журналістка працуе на іншым участку.
Падобная сітуацыя мела месца і з журналістам газеты "Экспрэс-навіны" Андрэем Мялешкам. Яму, як паведамляе прэс-служба партыі, адмовілі на той падставе, што такога выдання быццам бы не існуе. А.Мялешка зарэгістравалі на выбарчым участку только пасля дэманстрацыі нумара "Экспрэс-навін".
Яшчэ на адным участку членамі ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Сяргея Антусевіча зафіксавана спроба забараніць рабіць фотаздымкі фатографу ад БНФ Карэну Анолаву.