Хронiка
20 САКАВІКА Ў ГРОДНЕ ПРАХОДЗЯЦЬ ДАВЫБАРЫ АПОШНЯГА СА 110 ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ
2005-03-20 12:29:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 20 сакавіка. 20 сакавіка ў Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 52 праходзяць давыбары апошняга са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, а 8 гадзіне адчыніліся ўсе 43 выбарчыя ўчасткі. Паводле звестак сакратара ЦВК, па стане на 10.00 удзел у галасаванні ўзялі 22,46 працэнта выбаршчыкаў з улікам датэрміновага галасавання (20,9 працэнта).
Маніторынг выбарчага працэсу праводзяць 229 назіральнікаў. Шэсць з іх акрэдытаваны пры акружной камісіі, астатнія працуюць на выбарчых участках. Паводле слоў М.Лазавіка, галасаванне праходзіць спакойна. "Была толькі скарга даверанай асобы аднаго з кандыдатаў, аднак яна звязана з няправільным тлумачэннем ім Выбарчага кодэкса", - зазначыў сакратар ЦВК.
На месца ў парламенце прэтэндуюць былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Валерый Фралоў, актывіст Партыі БНФ Сяргей Антусевіч і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч.
Галасаванне будзе праводзіцца да 20.00. Для таго каб выбары адбыліся, неабходны ўдзел ў іх больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў.