Хронiка
НЕЗАЛЕЖНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ФІКСУЮЦЬ ФАКТЫ ПАРУШЭННЯЎ ПАДЧАС ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАННЯ НА ПАЎТОРНЫХ ВЫБАРАХ У ГРОДНЕ
2005-03-19 16:48:00
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.
Гродна, 19 сакавіка. Незалежныя назіральнікі фіксуюць факты парушэнняў падчас датэрміновага галасавання на паўторных выбарах дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Гродзенскай-Цэнтральнай акругі № 52. Пра гэта БелаПАН паведаміў каардынатар незалежнага назірання Леанід Анацка.
Нагадаем, што датэрміновае галасаванне ў Гродне пачалося 15 сакавіка, а асноўнае адбудзецца 20 сакавіка.
Паводле слоў Л.Анацка, парушэнні, зафіксаваныя ў Гродне, "у асноўным, тыповыя": "дзе-нідзе студэнтаў прымушалі да датэрміновага галасавання; участак № 16 у першы дзень датэрміновага галасавання не адкрыўся своечасова; некаторым назіральнікам было адмоўлена ў назіранні з-за дробных недакладнасцей у дакументах; у якасці ўзору запаўнення выбарчага бюлетэня на некаторых участках прама ў кабіне для галасавання вісіць бюлетэнь з адзнакай аб галасаванні за рэктара Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргея Маскевіча".
Паводле звестак незалежных назіральнікаў, за чатыры дні датэрміновага галасавання, з 15 па 18 сакавіка, прагаласавалі каля 12 працэнтаў выбаршчыкаў. Разам з тым, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, працэнт прагаласаваўшых склаў 14,9. Леанід Анацка валодае звесткамі аб тым, што існуе план давесці гэтую лічбу да 20-25 працэнтаў.
Паводле слоў каардынатара незалежнага назірання, такія парушэнні мелі месца і падчас выбараў 17 кастрычніка мінулага года. "Але ў цэлым выбарчыя ўчасткі і ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты, на маю думку, працуюць нармальна", - зазначыў ён.
Нагадаем, што на месца дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 52 прэтэндуюць былы дэпутат ніжняй палаты парламента Валерый Фралоў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч і член Партыі БНФ, лідэр арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ "Гродна-Азот" Сяргей Антусевіч.