Хронiка
КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ ПА ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ АКРУЗЕ ВАЛЕРЫЙ ФРАЛОЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ШАНЦЫ НА ПЕРАМОГУ Ў ЯГО ЁСЦЬ
2005-03-19 14:51:00
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.
Гродна, 19 сакавіка. "Рэальна шанцы на маю перамогу ёсць, але практыка падліку галасоў такая, што рэальнасць не заўсёды супадае з падлікам", - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН адзін з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 52, дэпутат ніжняй палаты парламента папярэдняга склікання генерал Валерый Фралоў.
Паўторныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пройдуць 20 сакавіка. На месца дэпутата ад выбарчай акругі № 52 прэтэндуюць апрача В.Фралова рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч і член Партыі БНФ, лідэр арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ "Гродна-Азот" Сяргей Антусевіч.
Паводле слоў В.Фралова, яго назіральнікі і давераныя асобы сочаць за ходам папярэдняга галасавання на ўчастках. Аднак экзіт-пул каманда Фралова праводзіць не збіраецца. "Я не бачу ў гэтым вялікага сэнсу, - сказаў кандыдат. - Дадзеныя, атрыманыя ў выніку экзіт-пула 17 кастрычніка мінулага года, ні на што не паўплывалі. Напрыклад, паводле звестак таго даследавання ў сваёй акрузе перамог Уладзімір Колас. І што гэта дало Коласу? І калі мы правядзём экзіт-пул, што мы будзем рабіць з яго вынікамі? Таму мы не будзем марнаваць час і грошы на такія мерапрыемствы".
Раней В.Фралоў заяўляў, што яго каманда мае намер адстойваць сапраўдныя вынікі выбараў. Тым не меней, план дзеянняў гэтага мерапрыемства таксама не выпрацаваны. "Сёння мы збяромся і будзем абмяркоўваць, ці мае гэта сэнс і якім чынам мы будзем дзейнічаць у выпадку масавых фальсіфікацый. Трэба паглядзець, наколькі шмат фактараў будзе для таго, каб праводзіць нейкія мерапрыемствы. Думак наконт гэтага шмат, і сёння мы будзем абмяркоўваць прапановы", - паведаміў Валерый Фралоў.