Хронiка
КАМАНДА КАНДЫДАТА Ў ДЭПУТАТЫ ПА ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ АКРУЗЕ С.АНТУСЕВІЧА АДЗНАЧАЕ "СТАНДАРТНЫЯ" ПАРУШЭННІ ПАДЧАС ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАННЯ
2005-03-19 14:03:00
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.
Гродна, 19 сакавіка. "Шанцы на сваю перамогу я расцэньваю як абсалютна нармальныя - у тым выпадку, калі не будзе масавых фальсіфікацый", - заявіў у інтэрв'ю БелаПАН Сяргей Антусевіч, адзін з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 52, член Партыі БНФ, лідэр арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза ААТ "Гродна-Азот".
Паводле слоў С.Антусевіча, назіральнікі і яго давераныя асобы ў працэсе датэрміновага галасавання адзначалі "стандартныя" парушэнні. "Гэта галасаванне пад прымусам: актыўна "выганяліся" на датэрміновае галасаванне студэнцкія інтэрнаты, прычым, не толькі студэнты, але і работнікі навучальных устаноў і інтэрнатаў, - сказаў кандыдат у дэпутаты. - Выбарчыя камісіі па-ранейшаму не даюць звестак аб колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, аб колькасці атрыманых выбаршчыкамі бюлетэняў, аб колькасці выбаршчыкаў на ўчастку. Хаця апошняе, па-мойму, нават не мае значэння - колькасць выбаршчыкаў з часу выбараў, што прайшлі 17 кастрычніка мінулага года, не магла моцна змяніцца і прыкладна вядома".
С.Антусевіч таксама паведаміў аб фактах "брудных" выбарчых тэхналогій. "Учора распаўсюджвалі вершаваную ўлётку, якая была скіравана супраць мяне. Раней такія рэчы прымяняліся супраць генерала Валерыя Фралова", - сказаў ён. Каманда кандыдата ў дэпутаты не плануе праводзіць экзіт-пул у акрузе 20 сакавіка, у дзень асноўнага галасавання. Паводле слоў С.Антусевіча, гэтую работу ўскосна зробяць журналісты, якія прыехалі ў Гродна. "Наколькі я ведаю, онлайнавае асвятленне ўсіх падзей прадугледжваецца арганізаваць праз партал hrodna.by. Апрача таго, тут прысутнічае вельмі шмат беларускіх і замежных карэспандэнтаў, у прыватнасці, я ўчора даваў шмат інтэрв'ю польскаму "Ньюсвік", Бі-бі-сі... Наогул, цікавасць з боку СМІ да падзей у Гродне вельмі вялікая", - зазначыў кандыдат.
С.Антусевіч і яго каманда пакуль не плануюць ніякіх акцый пратэсту, калі вынікі выбараў, на іх думку, будуць сфальсіфікаваныя. "На гэты конт я нічога не загадваю і не хачу рабіць гучных заяў аб магчымых рэвалюцыях і г.д. Паглядзім, як будуць развівацца падзеі", - сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН.