Хронiка
ЗА ЧАТЫРЫ ДНІ ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАННЯ Ў ГРОДЗЕНСКАЙ-ЦЭНТРАЛЬНАЙ ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ № 52 УДЗЕЛ У ВЫБАРАХ УЗЯЛІ 14,9 ПРАЦЭНТА ВЫБАРШЧЫКАЎ
2005-03-19 13:50:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 19 сакавіка. За чатыры дні датэрміновага галасавання, з 15 па 18 сакавіка, у выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 52 узялі ўдзел 14,9 працэнта выбаршчыкаў. Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК прагназуе, што з улікам высокай яўкі выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне выбары ў 52-й акрузе адбудуцца. Для гэтага, нагадаем, неабходна, каб удзел у галасаванні ўзялі больш за 50 працэнтаў выбаршчыкаў, якія жывуць у акрузе.
Ярмошына таксама паведаміла, што ў акруговую камісію паступілі тры скаргі на парушэнні выбарчага заканадаўства. Аднак, паводле яе слоў, гэтыя скаргі "не істотныя і не могуць паўплываць на вынікі выбараў".
Паводле звестак ЦВК, за выбарамі ў 52-й акрузе сочаць 172 назіральнікі. Найбольшую колькасць назіральнікаў - 105 - прадстаўляюць працоўныя калектывы, 55 - вылучаны ад грамадскіх аб'яднанняў і 12 - ад грамадзян. Сярод грамадскіх аб'яднанняў, якія накіравалі сваіх прадстаўнікоў на ўчасткі для галасавання, - Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (36 чалавек), а таксама рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні "Таварыства беларускай мовы" (4) і "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (3).
На апошні са 110 дэпутацкіх мандатаў у 52-й акрузе прэтэндуюць тры кандыдаты - дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 2-га склікання генерал Валерый Фралоў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Маскевіч і член Партыі БНФ Сяргей Антусевіч.
Асноўнае галасаванне ў Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе адбудецца заўтра, 20 сакавіка.