Мясцовыя выбары 2003 года ў Беларусі праводзіліся ў 1 672 мясцовыя Саветы дэпутатаў, у тым ліку ў 6 абласных, Мінскі гарадскі, 117 раённых, 20 гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання), 11 гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), 77 пасялковых і 1440 сельскіх Саветаў дэпутатаў.
Агульная колькасць выбаршчыкаў, уключаных у спісы для галасавання, склала па рэспубліцы 7 104 428 чалавек. У першым туры выбараў узялі ўдзел у галасаванні 5 214 895 чалавек, або 73,4 працэнта ад уключаных у спісы.
Першы тур выбараў адбыўся 2 сакавіка 2003 года. Падчас яго былі абраныя 23 275 дэпутатаў, ці 97 працэнтаў ад агульнай колькасці дэпутатаў, якія падлягаюць абранню.
Другі тур выбараў адбыўся ў перыяд з 9 да 16 сакавіка 2003 года па 202 выбарчых акругах. Падчас яго былі абраныя 194 дэпутаты.
Такім чынам, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у выніку двух тураў выбараў у Беларусі былі абраныя 23 469 дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, ці 97,8 працэнта ад агульнай колькасці дэпутатаў, якія падлягаюць абранню. У правамоцным складзе сфарміраваныя ўсе абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь.
Сярод дэпутатаў апынулася толькі 257 прадстаўнікоў палітычных партый, прычым больш чым 40 працэнтаў з іх з'яўляюцца членамі Камуністычнай партыі Беларусі, лаяльнай да кіраўніцтва краіны.
Апазіцыйныя партыі - Партыя камуністаў беларуская, Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя Беларускага народнага фронту, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) - выступілі з рэзкай крытыкай мясцовых выбараў, заявілі аб іх недэмакратычнасці і масавых фальсіфікацыях. Беларускі Хельсінкскі камітэт і іншыя праваабарончыя арганізацыі прызналі выбары неадпаведнымі дэмакратычным стандартам. Спроба групы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў аспрэчыць вынікі выбараў у Малінінскай выбарчай акрузе Мінска ў сувязі з выяўленымі там фальсіфікацыямі поспеху не мела.