Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Маніторынг

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗІЦЫЯ ПРАСПАЛА ПЕРШЫ ЭТАП ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ ("Народная воля")


2002-12-07

Аўтар: Аўтар: Уладзімір Глод

Тры дні - з 4 па 6 снежня - выканкамы і прэзідыумы адпаведных узроуняу саветаў займаліся фарміраваннем тэрытарыяльных выбарчых камісій. Па ўсёй Беларусі іх больш за паўтары тысячы.

Нікому не трэба тлумачыць, што кантроль вертыкалі над выбарчым працэсам пачынаецца са складання выбарчых камісій. Чым больш тут "сваіх" людзей, тым лягчей уладам забяспечыць неабходны вынік выбараў. Напрыклад, выканаць пажаданне Аляксандра Лукашэнкі, якое ён выказаў публічна, - мець у новых Саветах не менш як 40% жанчын і моладзі. Для параўнання: паводле агучанай на мінулым тыдні старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай інфармацыі, цяпер у мясцовых органах моладзь да 30 гадоў складае толькі 5%, а даволі высокае прадстаўніцтва жанчын - 36,7% - тлумачыцца тым, што велізарная колькасць жанчын працуе ў Саветах самага нізкага ўзроўню - пасялковых і сельскіх.

Але вернемся да нашай тэмы. Згодна з першай інфармацыяй, значная колькасць вылучэнцаў апазіцыйных палітычных партый аказаліся за бартом выбарчых камісій. Невялікае выключэнне складаюць Мінская гарадская камісія, куды трапілі прадстаўнікі ГА "БНФ "Адраджэньне" і ЛДПБ, Магілёўскія гарадская і абласная, Віцебская гарадская, дзе ёсць вылучэнцы ПКБ і ЛДПБ, ды некаторыя іншыя камісіі.

Зададзімся пытаннем: на што маглі разлічваць партыйцы, калі ў сярэднім кожная партыя абмежавалася 70 кандыдатамі? Нават калі б зарэгістравалі ўсіх без выключэння вылучэнцаў, што магчыма толькі чыста тэарэтычна, дык і ў гэтым выпадку яны "закрылі б" толькі адну трэцюю тэрытарыяльных камісій. А колькі было размоў і абяцанняў узяць пад кантроль выбарчы працэс! Дзе ж той кантроль?

Галоўная прычына такога правалу мне бачыцца ў тым, што кампанія па фарміраванні мясцовых органаў улады не ўпісалася ў агульную выбарчую стратэгію, якая стартуе мясцовымі выбарамі і фінішуе прэзідэнцкімі. Больш таго, асабіста ў мяне зараз няма ўпэўненасці ў тым, што такая стратэгія ўвогуле існуе. А менавіта цяперашняя кампанія давала добрую магчымасць "набраць хуткасць" і атрымаць вялікі вопыт. А ў тым, што вопыт неабходны, пераконвае такі факт. Гэтым разам, калі здаваліся спіскі кандыдатаў на членства ў выбарчых камісіях, у іх з'явілася новая графа - ці мае прэтэндэнт папярэдні вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях. Як мне падаецца, з'явілася яна невыпадкова. Улады памятаюць, што апазіцыя ігнаравала выбары ў Палату прадстаўнікоў. I скарысталі гэта на сваю карысць. Вось толькі адзін прыклад: прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі, будаўнік Міхаіл Дашкевіч быў абраны ў склад Мінскай гарадской тэрытарыяльнай камісіі ў многім дзякуючы таму, што ён на працягу апошніх пяці-шасці гадоў удзельнічаў у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню.

Цяпер прадстаўнікі некаторых апазіцыйных партый кажуць, што ўлады наўмысна аддаюць перавагу прадстаўнікам партый Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. Маўляў, яны "своеасаблівыя" апазіцыянеры, якія лёгка знаходзяць агульную мову з уладай. Мне падаецца, што такое тлумачэнне хутчэй сведчыць пра ўласнае бяссілле. Як бы там ні было, але ж і ліберал-дэмакраты, і камуністы вылучылі больш кандыдатаў у склад тэрытарыяльных камісій.

І апошняе. Рыхтуючыся да мясцовых выбараў, апазіцыянеры шмат казалі пра тое, што нарэшце ў іх будзе кансалідаваная пазіцыя і кансалідаванае вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і кандыдатаў у члены выбарчых камісій. На жаль, першы вопыт паказвае, што гэта была звычайная балбатня.