ЯКІМ БУДЗЕ ТВАР МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ? ("Звязда")
2003-01-10
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
Асноўныя праблемы, якія хвалююць падчас сёлетняй
выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы, можна вызначыць наступным чынам.
Па-першае, ці ўдасца забяспечыць дастатковую яўку выбаршчыкаў, каб выбары
былі прызнаны адбыўшыміся? Па-другое, якім будзе твар мясцовых Саветаў,
хто з кандыдатаў ужо цяпер можа ў большай ступені разлічваць на дэпутацкі
мандат? Канчатковыя адказы на гэтыя пытанні можна будзе даць пасля падвядзення
вынікаў выбараў, аднак пэўныя прадказанні можна зрабіць ужо цяпер.
Для прызнання выбараў у мясцовыя Саветы адбыўшыміся ў першым туры неабходна
50-працэнтная яўка выбаршчыкаў. Хутчэй за ўсё, гэта мяжа на сёлетніх выбарах
(хаця да мясцовых выбараў цікавасць традыцыйна меншая) будзе пераадолена.
Прынамсі апытанні, якія праводзяцца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі
сацыялагічнымі інстытутамі, гэта пацвярджаюць. Як паведаміў у размове
з карэспандэнтам "Звязды" намеснік дырэктара Інстытута сацыяльна-палітычных
даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Міхаіл Хурс, падчас апошняга
сацапытання 69,2 працэнта апытаных маюць намер удзельнічаць у выбарах
у мясцовыя Саветы. Не будуць удзельнічаць у іх толькі 10,1 працэнта, не
вызначыліся пакуль 20,7 працэнта апытаных. Пры гэтым 72,8 працэнта грамадзян
ведаюць, калі пройдуць выбары. Падобныя лічбы прыводзіць і Незалежны інстытут
сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Як перадае інфармацыйнае
агенцтва БелаПАН, у выніку праведзенага інстытутам сацапытання жаданне
ўзяць удзел у выбарах выказалі 63,6 працэнта грамадзян, не жадаюць браць
удзел у галасаванні 16,6 працэнта апытаных.
Больш складана прадказаць, якім будзе твар будучых мясцовых Саветаў. Для
прыкладу, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што пэўную
перавагу падчас выбараў маюць тыя, каго падтрымлівае ўлада. Сапраўды,
у мясцовыя Саветы вельмі часта балаціруюцца прадстаўнікі мясцовай вертыкалі,
якія, дарэчы, добра вядомыя выбаршчыкам. З іншага боку, лічыць В.Абрамава,
шанцы ёсць і ў незалежных кандыдатаў. Але, на яе Думку, для гэтага трэба
будзе задзейнічаць такія рэсурсы, якія нельга супаставіць са значнасцю
месца ў мясцовым Савеце. Тым не менш цяперашні настрой выбаршчыкаў сведчыць
аб тым, што мясцовыя Саветы не павінны стаць аднароднымі.
У прыватнасці, як паведаміў М.Хурс, сапраўды, сярод сацыяльных груп насельніцтва
невялікую перавагу аддае кіраўнікам: 14,1 працэнта апытаных лічаць, што
яны павінны быць прадстаўленыя ў Савеце. З іншага боку, жаданае прадстаўніцтва
сярод сацыяльных груп не такое і вялікае. 8,4 працэнта лічаць, што ў Саветах
павінны быць прадстаўлены рабочыя, 4,4 працэнта - сяляне, 5,4 працэнта
- прадстаўнікі дзяржаўных органаў, 5,8 працэнта - палітычныя і грамадскія
дзеячы, 9,2 працэнта - тыя, хто мае вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці,
8,3 працэнта - дзеячы навукі, адукацыі, культуры, спорту. У той жа час
больш за палову насельніцтва - 56,5 працэнта - лічаць, што ў мясцовых
Саветах павінны быць прадстаўлены ўсе групы насельніцтва.
Падчас даследавання ІСПД задавалася і наступнае пытанне: ці павінен кандыдат
быць жыхаром раёна, у Савет якога ён збіраецца балаціравацца. 66,6 працэнта
апытаных лічаць, што ён павінен ім быць абавязкова, 21,3 працэнта - пажадана,
для 10,2 працэнта гэтая акалічнасць не мае значэння. Найбольш папулярнымі
сярод насельніцтва (44,3 працэнта) будуць кандыдаты ва ўзросце 41-50 гадоў,
крыху менш папулярнымі будуць асобы ва ўзросце 31-40 гадоў - 30 працэнтаў
апытаных. А вось у кандыдатаў іншага ўзросту шанцы рэзка падаюць. Бачыць
дэпутата ва ўзросце 21-30 гадоў жадаюць 2,1 працэнта апытаных, ва ўзросце
51-60 гадоў - 5,2 працэнта, ва ўзросце старэй за 60 гадоў - 0,2 працэнта.
У той жа час для 21,5 працэнта грамадзян узрост значэння не мае. Для 70,8
працэнта апытаных не мае значэння пол кандыдата ў дэпутаты. А вось 22,4
працэнта лічаць, што дэпутатам павінен быць мужчына, 5,9 працэнтаў - жанчына.
Цікавасць уяўляе і пытанне аб партыйным прадстаўніцтве ў будучых мясцовых
Саветах. У адрозненне ад мінулых выбараў, апазіцыйныя партыі ўдзел у іх
прымаць будуць. Для прыкладу, сярод вылучаемых пры дапамозе ініцыятыўных
груп кандыдатаў у дэпутаты ў абласныя і Мінскі гарадскі Саветы членаў
партый налічваецца 147. Пры гэтым прадстаўляюць яны амаль увесь палітычны
спектр краіны - 12 партый, пачынаючы з КГІБ і заканчваючы БНФ. Іншая справа,
ці здолеюць яны перамагчы. Так, у інтэрв'ю БелаПАН лідэры АГП, БНФ, БСДП
НГ лічаць, што ў мясцовыя Саветы трапіць толькі нязначная частка іх прадстаўнікоў.
Болын аптымістычна выказваюцца лідэры ЛДПБ, КПБ. На думку ж дэпутата В.Абрамавай,
шанцы ў палітычных партый сапраўды невялікія. Перамагчы ж, на яе думку,
іх члены змогуць не ў Саветах вышэйшага ўзроўню (куды, дарэчы, і вылучаецца
большасць з іх), а ў сельскіх, пасялковых, ды і вылучацца яны павінны
як незалежныя кандыдаты.