КАБ НЕ ПАПРАКАЦЬ СЯБЕ ("Народная газета")
2003-01-23
Аўтар: Аўтар: Іван Герасюк
Розныя настроі пануюць у нашым грамадстве напярэдадні
выбараў у мясцовыя Саветы.
... "Саветы могуць толькі выдаць даведку, іншых праблем яны не могуць
і не жадаюць рашаць", - піша ў рэдакцыю пенсіянер В.Севярцаўз пасёлка
Прывольны Мінскага раёна. "Выбаршчыкі толькі ідаведваліся пра сваіх дэпутатаў
у дзень выбараў. Сёння іх ужо ніхто не памятае, таму што нікому не вядома,
чым яны займаліся ўсе гэтыя гады..." Гэта радкі з пісьма М.Глыбаўцава
з г.Ветка Гомельскай вобласці.
Нявер'е ў органы прадстаўнічай улады, асабліва мясцовага, зроўню, глыбока
ўкаранілася ў свядомасці нашых грамадзян. Нічога дзіўнага ў гэтым няма.
Мясцовага самакіравання, як такога, мы ніколі не бачылі. Гэта ў Польшчы
солтыс збірае ў сваёй вёсцы падаткі, выдае бацькам грошы за тое, што яны
возяць сваіх жа дзяцей у школу на ўласным аўтамабілі і г.д. Ён - рэальная
ўлада, і таму вельмі важна, хто зойме гэту пасаду. Абыякавых да выбараў
там амаль няма. I не патрэбны ні канцэрты, ні гарэлка на выбарчых участках,
каб заманіць туды людзей.
У нас жа іншыя - сацыялістычныя традыцыі. Дзень выбараў ператваралі ва
ўсенароднае свята з гарэлкай і гулянкамі, паколькі выбару не было - у
бюлетэні заўсёды значылася прозвішча адзінага кандыдата.
Галасаваць пачыналі з 6 гадзін раніцы, у вёскі завозілі нябачаны дэфіцыт.
Як прызнаўся пенсіянер з Асіповіцкага раёна Пётр Чыгілейчык, ён прыходзіў
яшчэ раней, каб купіць гасцінец унучкам, баяўся, што не дастанецца.
Не бышо праблемы і з працэнтам прагаласаваўшых. Машыны і аўтобусы вазілі
на выбарчыя ўчасткі з самых глухіх вёсак, чырвоныя скрыні насілі па хатах.
I хоць раней людзі гэтак жа ездзілі ў камандзіроўкі ці госці, патрэбы
ў датэрміновым галасаванні не ўзнікала - 98-99% з хвосцікам атрымлівалася
заўсёды. Крышку меншы выходзіў працэнт прагаласаваўшых "за". Хтосьці па
п'янцы мог сапсаваць бюлетэнь. Галасаваць супраць баяліся, ды і перакананы
былі, што ўсё роўна выберуць, каго прызначылі.
Прадстаўнічыя органы фарміраваліся на зайздрасць любой замежнай дэмакратыі:
жанчыны- мужчыны, інтэлігенты-рабочыя, ветэраны-моладзь... Кожны слой
грамадства, кожная сацыяльная група мелі ў Саветах сваё прапарцыянальнае
прадстаўніцтва.
Ну, а далей Саветы штампавалі тое, што рыхтавалі для іх партыйныя камітэты.
Так нявер'е ў Саветы перакачавала ў нашы часы.
Не сакрэт, што і сёння мясцовая ўлада без грошай мала на што здольная.
Таму зноў жа, як рэлікт, у першую чаргу нізавыя Саветы імкнуцца камплектаваць
кіраўнікамі.
Напрыклад, на сённяшні дзень у Пухавіцкім раёне трэць дэпутатаў складаюць
кіраўнікі гаспадарак, прадпрыемстваў, устаноў. Таму што вырашэнне пытанняў,
звязаных з матэрыяльнымі затратамі, без іх усё роўна ніяк не магчыма.
Гэта тэндэнцыя яскрава праяўляецца і ў сёлетняй выбарчай кампаніі. У Віцебску
многія працоўныя калектывы вылучалі кандыдатамі ў дэпутаты сваіх кіраўнікоў,
а некаторыя (райаграпрамтэхніка) чужых, але "патрэбных"...
Мясцовай уладзе трэба грошы. I яшчэ тыя, хто ўмее рабіць канкрэтную справу.
Таму палітычнае жыццё ў правінцыі ў гарачую выбарчую пару не тое, што
не бурліць, а нават не відно. З палітычных партый хіба што абазначаюцца
толькі пенсіянеры-камуністы ды, з жадання прадэманстраваць сваю ўсеахопнасць,
ЛДПБ. Астатнія на "чорную" работу не імкнуцца - тут палітычных дывідэндаў
не настрыжэш.
Іншая справа - Саветы абласныя ды ў буйных гарадах. Тут будзе і па два,
і па больш кандыдатаў на адзін мандат. Бо тут ужо можна пакіраваць і памінтынгаваць,
маючы на ўвазе далейшую прыступку ў палітычнай кар'еры.
Таму ў сельскай мясцовасці ніякай апазіцыяй і не пахне, ніякія партыі
не пасылаюць туды сваіх агітатараў, а вось у гарадах агітацыйнага шуму,
напэўна, хопіць. Тут, з меркаванняў дэмакратыі, пастараўся яшчэ і Цэнтрвыбаркам.
Толькі ўявіце сабе, колькі каштоўнага эфірнага часу лясне, пакуль кожны
кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета адгаворыць свае пяць бясплатных
мінут па радыё "Сталіца".
Можна ўявіць сабе таксама, якое гэта будзе занудна-роспачнае бубненне
пра гаротны стан медыкаў, адукацыі, рост цэн і беспрацоўя. Кожны кандыдат
у дэпутаты паклянецца з гэтым змагацца, толькі ніводзін з іх не скажа,
як менавіта гэту праблему можна вырашыць у такія сціслыя тэрміны, як ён
абяцае. Ну, а партыйныя праграмы мы будзем чуць па некалькі разоў.
I ўсё гэта таксама можа выклікаць у нас нежаданне ісці на выбары і галасаваць
за нейкіх там балбатуноў. Але ўсё ж варта задумацца...
Органы мясцовага самакіравання ніколі не стануць моцнымі, пакуль іх не
зробіць такімі заканадаўства. Калі ж туды будуць выбраны дастойныя, разумныя
людзі, яны здолеюць правесці свае задумы і праз Нацыянальны сход, зрабіць
нашу мясцовую ўладу такой жа аўтарытэтнай, як і ва ўсёй Еўропе.
Дзень выбараў, бадай, адзіны выпадак, калі канстытуцыйнае палажэнне "ўлада
належыць народу" з дэкларатыўнага ператвараецца ў дзеючае рэальна і непасрэдна.
У нашы рукі пераходзіць сіла рашэння. Ад таго, каго мы адорым сваім даверам,
залежыць аблічча мясцовай улады на Беларусі ў бліжэйшыя чатыры гады.
Многія недаацэньваюць гэтага моманту. Кожны дзень мы адчуваем сябе бяссільнымі
перад усеўладдзем бюракратыі і проста не верым у тое, што можам што-небудзь
змяніць. Аднак у тым і заключаецца цудоўная моц дэмакратыі, што хоць адзін
раз у некалькі гадоў просты чалавек становіцца рэальным, а не дэкларатыўным
гаспадаром сваёй краіны. Ён павінен толькі захацець выкарыстаць гэту рэдкую
магчымасць. Дастаткова толькі пайсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой
голас таму, з кім ён звязвае надзею на змены ў сваім жыцці і ў жыцці дзяржавы
ў цэлым.
Галасаванне - адзіная магчымасць прад'явіць свой рахунак тым палітычным
сілам, якія стаяць пры ўладзе сёння. Ніводзін незадаволены ўладаю, хто
на ўласнай скуры адчуў негатыўныя наступствы яе палітыкі, не павінен у
дзень выбараў заставацца дома.
За тых, хто не прыйдзе, выберуць тыя, хто апусціць свой бюлетэнь. А ў
першую чаргу гэта зробяць тыя, каго сённяшняе жыццё задавальняе. Яны добра
разумеюць, што толькі поўная мабілізацыя дае ім шанц захаваць сваё становішча.
І кожны, хто не галасуе, становіцца іх саюзнікам, хоча ён таго ці не.
Калі ж усё застанецца па-ранейшаму, то ўсе прэтэнзіі трэба прад'яўляць
у першую чаргу да самога сябе. Каб не давялося потым пісаць у рэдакцыю
пра зніклых пасля выбараў дэпутатаў, трэба сёння выбраць дэпутатаў сапраўдных,
а не дэкаратыўных.