НОВЫЯ ФIГУРАНТЫ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНI ("Звязда")
2003-02-13
Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч
- Некаторыя прэтэндэнты не былі зарэгістраваныя
з-за 12 тысяч рублёў, якія не былі ўказаны ў дэкларацыях. У падобных выпадках
выбарчыя камісіі мелі права самастойна вырашаць, рэгістраваць кандыдата
ці не. Ці не патрэбна больш дакладная рэгламентацыя гэтага пытання?
- Сапраўды, у адпаведнасці з законам камісія мае права палічыць недакладныя
даныя нязлоснымі і зарэгістраваць кандыдата. Тым не менш, не будзем забываць,
што ў камісіях працуюць простыя грамадзяне, якім вельмі цяжка ацэньваць,
маюць парушэнні пры запаўненні дэкларацыі злосны або нязлосны характар.
Таму права, якое ім прадастаўлена законам, яны рэалізоўвалі як абавязковае.
Ці патрэбна гэта права прадастаўляць і на наступных выбарах? Вельмі цяжка
падабраць крытэрыі парушэння закона. Для сп. Хадыкі, якому было адмоўлена
ў рэгістрацыі, сума ў 24 тысячы рублёў, якую ён не ўказаў, - дробязь,
і ён мог на яе памыліцца. Але такая ж дробязь для сп. Данькова ўжо складае
170 тысяч рублёў, на якую ён таксама памыліўся ў дэкларацыі. Таму аб'ектыўны
крытэрый знайсці цяжка. Зразумела, заканадаўства будзе мяняцца, тым больш
у частцы прадастаўлення дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Цэнтрвыбаркам
ужо бачыць, што патрэбна спрашчаць форму запаўнення дэкларацыі, паменшыць
колькасць пытанняў, на якія патрэбна адказаць кандыдату.
- Асобныя прэтэндэнты гавораць, што яны заблыталіся падчас запаўнення
дэкларацыі. Што гэта: дрэнная тлумачальная работа камісій або сведчанне
стаўлення самога прэтэндэнта да выбараў?
- Дэкларацыя ўпершыню выкарыстоўваецца падчас мясцовых выбараў, пасля
парламенцкіх выбараў змянiлася і яе форма. Падобная форма запаўнялася
толькі падчас прэзідэнцкіх выбараў, але там былі толькі чатыры кандыдаты,
і ўсе запаўнялі дэкларацыі з нашымі спецыялістамі не выходзячы з Цэнтрвыбаркама.
Цяпер, калі ўзнікла такая колькасць прэтэндэнтаў, з'явіліся і пытанні.
Віны камісій няма, бо тлумачыць запаўненне дэкларацыі павінны ведамствы
Міністэрства па падатках і зборах, якія распрацоўвалі яе. Але міністэрства
таксама апынулася ў складанай сітуацыі, бо яно дакладна не разумее, для
якіх мэтаў патрэбна дэкларацыя. Калі дэкларацыя запаўняецца для падліку
падаходнага падатку, яны разумеюць, якія раздзелы і як павінны быць запоўнены,
для чаго пералічваюць падатак.
Цяпер жа сітуацыя крыху іншая. Але памылкі былі выкліканы не столькі пытаннямі,
як запаўняць дэкларацыю, колькі пэўнай нядбайнасцю кандыдата, яго неадукаванасцю.
Самая распаўсюджаная памылка - забыў указаць машыну, якая была перададзена
па даверанасці. Але яе трэба ўказваць пры любой форме дэкларацыі, і грамадзянам
патрэбна было пракансультавацца з юрыстам. Таксама кандыдаты часам не
разумелі, які даход указваць: чысты або агульны.
- Агітацыя дазваляецца адразу пасля рэгістрацыі. Аднак аб сустрэчы
з выбаршчыкамі патрэбна паведамляць за 15 дзён. Асобныя кандыдаты лічаць,
што гэта істотна паніжае эфектыўнасць агітацыйнай работы.
- За 15 дзён патрэбна паведамляць аб правядзенні публічных мерапрыемстваў,
якія могуць парушыць грамадскі парадак. Зразумела, гэты працэс павінны
рэгуляваць пэўныя заканадаўчыя нормы, у прыведзеным выпадку - закон аб
правядзенні масавых мерапрыемстваў. Не трэба забываць і тое, што як бы
ні ставіліся да гэтага самі кандыдаты ў дэпутаты, галоўнае ў правядзенні
агітацыі - не само яе правядзенне, а забеспячэнне падчас яе бяспекі грамадзян.
Кандыдаты ў дэпутаты былі зарэгістраваныя за 30 дзён да выбараў. Няўжо
ім не хопіць 15 дзён, каб падаць заяўку? Тым больш што самы эфектыўны
сход адбываецца якраз такі напярэдадні выбараў, а кандыдаты могуць яго
праводзіць і 1 сакавіка.
Нельга забываць, што ёсць і іншыя формы агітацыі, якія не патрабуюць спецыяльнага
дазволу. Гэта сустрэчы ў закрытых памяшканнях, якія ў такое надвор'е больш
эфектыўныя. Кандыдат таксама можа прыйсці да выбаршчыка і прама дамоў,
калі той яго пусціць.
- Кандыдаты маюць права на радыёвыступленне. У СМІ паведамлялася, што
ў Віцебску змест выступленняў кандыдатаў быў адкарэкціраваны.
- У нас было толькі адно паведамленне з Віцебска, якое датычылася выступлення
кандыдата ў дэпутаты. У рэдакцыі ўзнікла пытанне па яго зместу, яна звярнулася
ў ЦВК з тэкстам, ці можа выступленне ў такім выглядзе пайсці ў эфір. Цэнтрвыбаркам
па большай частцы тэксту пагадзіўся (ён быў, зразумела, крытычны), але
ў адносінах да двух сказаў мы параілі, каб кандыдат выключыў іх са свайго
звароту. Справа ў тым, што закон аб сродках масавай інфармацыі забараняе
распаўсюджваць інфармацыю, якая змяшчае ганебныя звесткі ў адносінах да
кіраўніка дзяржавы і вышэйшых службовых асоб. Дарэчы, Віцебск нам паведаміў,
што пытанне было знятае, г. зн. кандыдат з намі пагадзіўся. Нам таксама
паступала некалькі званкоў з іншых рэдакцый, але ўсе пытанні былі знятыя
па тэлефоне.
- Палітычныя партыі збіраюцца арганізоўваць лакальны байкот па тых
акругах, дзе не былі зарэгістраваны іх кандыдаты. На ваш погляд, гэта
можа прывесці да нейкіх вынікаў?
- Што такое палітычная партыя ва ўмовах Беларусі, наколькі яна масавая
і вядомая? Пытанне рытарычнае. Таму заклік асобных асоб, якія нават не
змаглі стварыць партыйную ячэйку з трох чалавек і паставіць яе на ўлік,
да байкоту выглядае смяхотным. Для таго каб атрымаць эфект ад свайго закліку,
трэба мець палітычны, сацыяльны аўтарытэт у грамадстве. Такога сярод партый
няма. Магчыма, на гэта могуць прэтэндаваць толькі дзве камуністычныя партыі.
Але яны наўрад ці будуць заклікаць да байкоту, тым больш што ПКБ, напрыклад,
мае самы малы адсеў кандыдатаў.
- Па тэлебачанню паказвалі рэпартаж аб тым, што амерыканскі пасол сустракаўся
з кандыдатамі ў дэпутаты. Якая рэакцыя на гэта Цэнтрвыбаркама?
- Сп. пасол - чалавек свабодны, і ён мае права дзейнічаць у межах свайго
мандата, сустракацца з палітычнымі партыямі, грамадзянамі краіны. Зразумела,
сітуацыю можна патлумачыць як пэўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны,
бо замежныя грамадзяне не маюць права ўмешвацца ў працэс выбараў. Але
гэта ўжо справа не Цэнтрвыбаркама, а Міністэрства замежных спраў. ЦВК
ніякай рэакцыі не выказвала - у нас няма для гэтага падстаў. Мы маглі
б заявіць пратэст, калі б пасол займаўся агітацыяй на карысць таго ці
іншага кандыдата.
- Ці будуць запрашацца міжнародныя назіральнікі? Ці магчымы змены ў
дзейнасці назіральнікаў нацыянальных?
- Нацыянальныя назіральнікі пакуль не праяўляюць ніякай цікавасці да выбараў.
Пры Цэнтрвыбаркаме акрэдытаваны толькі адзін назіральнік ад Беларускага
Хельсінкскага камітэта, ды і то на апошняе пасяджэнне камісіі ён не з'явіўся.
Усе астатнія абласныя і Мінская гарадская камісіі заявілі, што ў іх ніякія
назіральнікі не акрэдытоўваліся, што ніякай цікавасці да назірання за
выбарамі з боку палітычных партый і грамадскіх арганізацый не бачна. Магчыма,
яны ажывяцца напярэдадні выбараў.
Што датычыцца замежных назіральнікаў, то міжнародная практыка, як правіла,
не прадугледжвае міжнароднага назірання за мясцовымі выбарамі. Выключэнне
могуць скласці тыя выпадкі, калі міжнародныя назіральнікі выконваюць ролю
і арганізатараў выбараў адначасова. Гэта, як правіла, тыя тэрыторыі, дзе
прайшла вайна. У Югаславіі, напрыклад, АБСЕ з'явілася не толькі назіральнікам,
але і фактычным арганізатарам выбарчай кампаніі. Беларусь не выключэнне,
мы не плануем запрашаць міжнародных назіральнікаў.
- Вы паведамлялі, што па дзвюх акругах не было зарэгістравана ніводнага
кандыдата. Ці адбыліся там якіянебудзь змены?
- Магчыма, вылучэнне ўжо адбылося. 22 лютага ў нас праводзіцца генеральная
праверка падрыхтаванасці ўсіх участкаў да галасавання. Адна з лічбаў,
якая будзе паведамлена ў Цэнтрвыбаркам, датычыцца таго, колькі акруг засталося
без кандыдатаў увогуле. Цяпер адбываецца працэс вылучэння кандыдатаў у
акругі, дзе не было зарэгістравана ніводнага кандыдата. Але такія акругі
могуць з'яўляцца і пазней. Ёсць кандыдаты, якія добраахвотна здымаюць
свае кандыдатуры. Але могуць быць і такія выпадкі, калі палітычныя партыі
або працоўныя калектывы расчаруюцца ў сваіх выбранніках. Часам аб вылучаных
асобах ідуць патокі негатыўнай інфармацыі: выбаршчыкі пішуць, што тыя
ці іншыя кандыдаты не маюць права вылучацца з-за сваіх маральных якасцяў.
Не выключана, што, напрыклад, будзе і негатыўная рэакцыя з боку працоўных
калектываў.
- Ці будуць нейкія асаблівасці падчас датэрміновага галасавання? На
які працэнт разлічваеце?
- Ніякіх асаблівасцяў не будзе. Мне складана сказаць, як яно будзе праходзіць:
мы ніколі не плануем для сябе гэту лічбу. Нас не цікавяць тэрміны, галоўнае
- каб выбары адбыліся.
- Наколькі вялікай можа быць патрэбнасць у другім туры? Ці неабходна
для гэтага дадатковае фінансаванне?
- Там, дзе вылучаюцца адзін або два кандыдаты, другога тура нават проста
па закону не можа быць. Другі тур магчымы толькі там, дзе больш чым два
кандыдаты, і ніхто з іх не набраў абсалютнай большасці галасоў. Думаю,
што ў большасці акруг, (а ў нас нават у абласных Саветах многія акругі
маюць толькі па два кандыдаты) выбары адбудуцца або ў першым туры, або
не адбудуцца наогул, калі выбаршчыкі праявяць пратэстнае галасаванне.
Думаю, што мы ўкладзёмся ў пералічаную суму - а гэта 6 млрд. рублёў.
- Ці можна ўжо казаць аб асаблівасцях менавіта гэтай выбарчай кампаніі?
- Самая гапоўная асаблівасць - шырокі ўдзел палітычных партый. Я не ведаю,
магчыма, іх пратэсты бачныя ў сродках масавай інфармацыі, але што датычыцца
Цэнтрвыбаркама, то на ўзроўні кансультацый у нас з усімі палітычнымі сіламі
склаліся добразычлівыя і канструктыўныя адносіны. Па сутнасці ніякіх скаргаў
у адносінах да дзейнасці выбарчых камісій на месцах, да нашых супрацоўнікаў
ад палітычных сіл не паступае, г. зн. яны цалкам задаволеныя супрацоўніцтвам.
Таксама хацелася б адзначыць вельмі актыўнае вылучэнне і жаданне ўдзельнічаць
у выбарах той сілы, якая раней палітыкай не цікавілася наогул - прадпрымальніцкага
корпуса. Да таго ж у выбарах удзельнічаюць асобы, якія нідзе не працуюць
і афіцыйна не маюць ніякай крыніцы даходу. Прычым гэта далёка не бамжы,
а дастаткова забяспечаныя асобы, што гаворыць аб тым, што палітыкай займаюцца
людзі, якія маюць нейкае іншае фінансаванне, невядомае ні падатковай інспекцыі,
ні выбарчым камісіям.
- Працэнт падобных кандыдатаў значны?
- Працэнт невялікі, калі казаць наогул. Прадпрымальнікаў каля 400 чапавек.
Але гэтыя асобы, за рэдкім выключэннем, не ўдзельнічаюць у выбарах у сельскія
Саветы, а вылучаюцца ў Саветы больш высокага ўзроўню. Што дае падставу
казаць, што гэтыя катэгорыі сталі звычайнымі фігурантамі падчас сёлетняй
выбарчай кампаніі.