Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Маніторынг

КОЛЬКАСЦЬ КАНДЫДАТАЎ ПАМЯНШАЕЦЦА? ("Звязда")


2003-03-01

Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч

Як і прадказвала "Звязда", да пачатку галасавання колькасць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў змянілася. Адбылося гэта ў найбольш "конкурсным" рэгіёне - Мінску.

27 лютага Заводская і Маскоўская выбарчыя камісіі Мінска адмянілі рэгістрацыю трох прадстаўнікоў АГП і аднаго - БСДП НГ. Учора стала вядома пра адмену рэгістрацыі яшчэ аднаго кандыдата, што балаціраваўся па 25-й Ясенінскай акрузе. Фармулёўка - знявага да вышэйшай службовай асобы Беларусі. У вышэйстаячай камісіі - Мінскай гарадской - учора не змаглі пракаменціраваць дзеянні раённых выбарчых камісій, спаслаўшыся на адсутнасць неабходных дакументаў. Цяпер лёс прэтэндэнтаў будзе вырашацца напярэдадні самога дня галасавання. Пасяджэнне Мінскай гарадской выбарчай камісіі павінна прайсці толькі сёння.

У тым, што інфармацыя аб выбарах, у тым ліку і негатыўнага характару, з надыходам дня галасавання будзе толькі павялічвацца, няма нічога незвычайнага. Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік згадзіўся пракаменціраваць некалькі момантаў.

- СМІ распаусюджваюць шмат рознай інфармацыі. Напрыклад, у Баранавічах на запрашэннях пазначаюцца прозвішчы кандыдатаў, за якіх неабходна галасаваць. У Віцебску таксама цікавы выпадак: школьныя настаўнікі праз дзённікі вучняў запрашаюць іх бацькоў узяць удзел у галасаванні.

- Кожны факт патрэбна разглядаць дэталёва. Тым не менш, калі на запрашэнні сапраўды пазначаны прозвішчы кандыдатаў, то гэта з'яўляецца яўным парушэннем заканадаўства. Кожны грамадзянін павінен сам выбіраць, за каго яму галасаваць. Камісія не мае права ўказваць на пэўнага кандыдата - яна павінна быць нейтральнай. А калі ў дзённіках запісваюць, тут можна па-рознаму расцэньваць. Хаця, калі настаўнік з'яўляецца членам выбарчай камісіі і такім чынам напамінае выбаршчыкам пра галасаванне, то гэта, напэўна, не самы лепшы спосаб. Мы не рэкамендуем практыкаваць такі спосаб запрашэння выбаршчыкаў на ўчасткі.

Пакуль жа выбаршчыкі даволі актыўна галасуюць датэрмінова. За тры дні прагаласавалі ўжо 9,2 працэнта насельніцтва, якое мае права прымаць удзел у выбарах. Найбольш актыўна працягвае галасаваць Віцебская вобласць - 13 працэнтаў. Далей ідуць Магілёўская вобласць - 9,6 працэнта, Брэсцкая - 8,7, Мінская - 8,5, Гомельская - 8,4, Гродзенская - 8,2 працэнта. На апошнім месцы зноў Мінск - 7,9 працэнта. Такім чынам, па датэрміноваму галасаванню могуць быць перавышаны лічбы прэзідэнцкіх выбараў, Тады дэтэрмінова прагаласавалі каля 14 працэнтаў. М.Лазавік лічыць, што гэта сапраўды можа адбыцца.

- Калі галасаванне пойдзе такімі тэмпамі, лічбы прэзідэнцкіх выбараў будуць перавышаны. Але мы лічым, што актуальным датэрміновае галасаванне з'яўляецца ў першую чаргу ў буйных гарадах, дзе ў дзень выбараў пэўная частка насельніцтва, напрыклад, студэнты, якія не маюць сталай прапіскі ў Мінску, едуць да сябе дадому. У сельскай мясцовасці наўрад ці мясцовыя жыхары куды-небудзь паедуць менавіта ў дзень выбараў. Для іх, наадварот, такі дзень - свята - можна сустрэцца, паразмаўляць аб кандыдатах і прагаласаваць за самага дастойнага з іх. Але калі мы цікавімся на месцах, наадварот, кажуць, што людзі ў сельскай мясцовасці, у першую чаргу старэйшага пакалення, самі актыўна ідуць на датэрміновае галасаванне. Хаця мы і просім гэта пытанне не фарсіраваць нейкім чынам.

- Як вы ставіцеся да думкі, што, калі колькасць прагаласаваўшых датэрмінова перавышае 3 працэнты, такія выбары нельга лічыць свабоднымі?

- Я бачыў гэтыя лічбы, але не ведаю, адкуль яны ўзятыя. Захад галасуе па пошце, датэрмінова за два тыдні да выбараў. Прычым я сустракаўся, у прыватнасці, са шведамі - у іх у сярэднім 25 працэнтаў насельніцтва галасуе датэрмінова, а па некаторых акругах - да 75 працэнтаў. I гэта лічыцца ў парадку рэчаў. Я не ведаю, адкуль узята лічба 3 працэнты, але яна нічым не пацверджаная. Яе нельга лічыць афіцыйнай, якая адлюстроўвае сусветную практыку.