ЯК ПАД ДУЛАМ ПІСТАЛЕТА ("Народная воля")
Аўтар: Аўтар: Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускай
сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)
Беспрэцэдэнтным па ўзроўні фальсіфікацыі назвалі
назіральнікі і кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Народная Грамада) першы тур выбараў у мясцовыя Саветы. Надзвычай
вялікі аб'ём датэрміновага галасавання, на які, нават па афіцыйных звестках,
пагрозамі, прымусам і шантажом было загнана больш як 20% усіх выбаршчыкаў
Беларусі, шмат у чым абумовіў вынікі ўчарашняга галасавання. У рукі назіральнікаў
у Оршы трапіў бюлетэнь, на якім невядомы выбаршчык напісаў: "Простите,
нас гонят голосовать досрочно, как под дулом пистолета".
Як і чакалася, дваццаць, трыццаць, а па асобных участках і пяцьдзесят
працэнтаў прагаласаваўшых датэрмінова абярнуліся чыстай форай для кандыдатаў
ад улады. Пры пяцідзесяціпрацэнтнай яўцы на выбарчыя ўчасткі кандыдат
ад улады атрымліваў, як мінімум, 40% форы, бо амаль усе ці цалкам усе
бюлетэні папярэдняга галасавання чамусьці аказаліся на карысць кандыдатаў
ад улады. Назіральнікаў не дапускалі да назірання за падлікам галасоў.
Асабліва ярка гэтая тэндэнцыя праявілася ў Мінску, дзе часам справа даходзіць
да бойкі. Іншы раз стваралася ўражанне, што камісіі нават не лічаць галасы,
а толькі робяць выгляд, што гэта робяць, перадаючы ад аднаго сябра камісіі
да другога ў поўнай цішыні нейкія таямнічыя цыдулькі. У Бараўлянах была
ўзбуджана адміністрацыйная справа супраць сацыял-дэмакрата, сябра Мінскай
раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі за ... спробу прысутнічаць пры
падліку галасоў у мясцовай бальніцы.
У выніку ўсе сем кандыдатаў ад БСДП (НГ) у Мінску апынуліся на другім
месцы, атрымаўшы, па афіцыйных звестках, да 35% галасоў. Ва ўсіх гэтых
акругах, незалежна ад колькасці кандыдатаў, ужо ў першым туры "перамог"
кандыдат ад улады.
Крыху іншай была сітуацыя ў правінцыі, дзе дзякуючы меншым памерам акругаў
сацыял-дэмакратам удалося больш эфектыўна супрацьстаяць фальсіфікацыям.
У выніку ў невялікіх раённых і сельскіх Саветах 10 сацыял-дэмакратаў перамаглі
ўжо ў першым туры і сталі дэпутатамі. Гэта - Ірына Вештард (Смаргонь),
Валянціна Кудлацкая (Верхнядзвінск), Віктар Крываль (Узда) і Уладзімір
Мішура (Дзяржынск). Яны зоймуць месцы ў раённых Саветах. Яшчэ шэсць сацыял-дэмакратаў
сталі дэпутатамі сельскіх Саветаў у Баранавіцкім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім,
Дзяржынскім, Пухавіцкім раёнах. 22 сацыял-дэмакраты, нягледзячы на звышфальсіфікацыі,
выйшлі ў другі тур галасавання ў абласныя і гарадскія Саветы ў буйных
гарадах - Брэсце, Баранавічах, Пінску, Віцебску, Оршы, Бабруйску, а таксама
ў Барані. У Гродне сацыял-дэмакраты сарвалі выбары ў дзвюх гарадскіх і
адной абласной акрузе, каб дамагчыся паўторных выбараў з удзелам кандыдатаў
ад БСДП (НГ), бо сярод кандыдатаў у Гродне не аказалася ніводнага сацыял-дэмакрата.