Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Маніторынг

73,3, А МАГЛО БЫЦЬ 99,9 ("Народная воля")

Аўтар: Аўтар: Уладзімір Глод

Згодна з папярэднімі данымі Цэнтрвыбаркама, у мясцовых выбарах, якія прайшлі 2 сакавіка, удзельнічалі 73,3% усіх выбаршчыкаў. Гэта проста неверагодная, фантастычная лічба. Нават сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік адзначыў, што амаль столькі ж чалавек прыйшлі на выбарчыя ўчасткі восенню 2001 года, калі выбіралі прэзідэнта Беларўсі.

Адразу ўзнікаюць пытанні: з якой гэта нагоды мясцовыя выбары сталі такімі прывабнымі для жыхароў Беларусі? Чаму яны не выклікалі такога інтарэсу чатыры гады таму? Чаму на парламенцкіх выбарах было значна менш жадаючых прыйсці на выбарчыя ўчасткі?

Калі лічыць, што лічба 73,3 сапраўдная і дакладная, то можна дапускаць толькі дзве версіі - альбо мясцовыя ўлады сапраўды так шмат рабілі для людзей за апошнія чатыры гады, што выбаршчыкі вырашылі дружна аддзячыць уладу, альбо, наадварот, людзям так надакучыла бяздзейнасць мясцовьіх структур, што яны вырашылі гэтым разам прагаласаваць супраць такой улады. У каго ні пытаўся, ніхто так і не змог узгадаць нейкай сур'ёзнай эканамічнай альбо сацыяльнай акцыі, арганізаванай мясцовымі уладамі. Таму спадзявацца, што людзі ішлі аддзячыць уладу, не прыходзіцца. І тады падобна на праўду тое, што гаворыць намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер, якога выключылі са спісу кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета ў той час, калі ўжо пачалося датэрміновае галасаванне:

- Я дакладна ведаю, што за паўмесяца да выбараў улады правялі сацыялагічныя замеры ў мінскіх выбарчых акругах. Такія ж замеры рабілі і мы - дэмакратычныя кандыдаты. Паводле нашых даных мы павінны былі перамагчы ўжо ў першым туры, набраўшы 60-65 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. I ўладу гэта напалохала. Таму найбольш верагодных пераможцаў пад рознымі надуманымі прычынамі знялі з выбарчага марафону перад самым фінішам. Таму улады так актыўна заганялі людзей на датэрміновае галасаванне.

Лічба датэрміновага галасавання таксама бянтэжыць. Уявіце - раней як 2 сакавіка па Беларусі прагаласавалі 20,7% усіх выбаршчыкаў. Гэта афіцыйныя даныя. I што паказальна - нават на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у працэдуры папярэдняга галасавання ўдзельнічала менш чым трэць выбаршчыкаў. Падобна на тое, што Беларусь устанавіла абсалютны рэкорд па датэрміновым галасаванні. Цікава, што знаўцы выбарчых кампаній сцвярджаюць: калі колькасць датэрмінова прагаласаваўшых перавышае 3 працэнты, дык выбары лічацца несвабоднымі. У любой краіне. Гісторыя выбараў ведае прыклады, калі за ўдзел у датэрміновым галасаванні людзям плацілі грошы, давалі розныя падарункі. А як у Беларусі? Тут было інакш. У адных месцах не выдавалі заробкі да таго часу, пакуль людзі не прагаласавалі, у іншых - тэрмінова праводзілі бацькоускія сходы ў школах, дзе традыцыйна размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі, а ў дзённіках пісалі бацькам, што яны мусяць не толькі прыйсці на сход, але і прагаласаваць. У Баранавічах на некаторых прадпрыемствах, як сцвярджае старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, нават дадумаліся ўвесці спецыяльныя талоны для галасавання.

Назіральнікі ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый сцвярджаюць, што ім фактычна не дазвалялі кантраляваць падлік бюлетэняў. Паўсюдна члены камісіі ўсе звесткі пра бюлетэні паведамлялі адзін другому альбо запіскамі, альбо шэптам. I вось што яшчэ заўважылі назіральнікі. Калі бюлетэні раскладваюць па стосах, знешне стос дэмакратычнага кандыдата выглядае не меншым, а часам і большым, чым кандыдата ад улады. А калі аб'яўляюць канчатковыя вынікі, дык у кандыдата ад улады яны чамусьці заўсёды лепшыя.

Канкрэтныя вынікі па розных акругах былі вядомыя яшчэ не да канца. Усё ж не забывайцеся, трэба было абраць аж 24.010 дэпутатаў. Але ўжо можна меркаваць, што дэмакратычных дэпутатаў будзе мала. У асноўным - на ўзроўні раённых Саветаў і невялікіх гарадоў. Паводле папярэдніх даных, у апазіцыйных партый лік дэпутатаў, у лепшым выпадку, вядзецца на дзесятак-паўтара. Напрыклад, Аб'яднаная грамадзянская партыя ў сталіцы Беларусі не змагла у першым туры атрымаць ніводнага дэпутацкага мандата. I толькі адзін чалавек - Ігар Шынкарык - выйшаў у другі тур. Цікава, што ў сталіцы з першага заходу абралі 52 дэпутаты з 55 вакансій. I толькі адзін з іх - Аляксандр Даўгала - прадстаўляе партыю: Беларускую сацыяльна-спартыўную.