Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Маніторынг

73,3 %. БОЛЬШАЯ ЧАСТКА САВЕТАЎ УЖО СФАРМІРАВАНАЯ ("Звязда")

Аўтар: Аўтар: Сяргей Каралевіч

Удзел у мясцовых выбарах прынялі 5 млн. 202 тыс. 966 чалавек, або 73,3 працэнта насельніцтва, якое мае права галасаваць. Падобныя лічбы менавіта для мясцовых выбараў даволі вялікія. І калі параўноўваць іх з папярэдняй мясцовай выбарчай кампаніяй, то на гэты раз арганізатары папрацавалі нашмат лепш.

Тое, што насельніцтва праявіць высокую актыўнасць, стала зразумелым яшчэ падчас датэрміновага галасавання. За пяць дзён удзел у ім узялі 20,7 працэнта насельніцтва, нават больш чым на прэзідэнцкіх выбарах (у 2001 годзе на іх датэрмінова прагаласавалі каля 14 працэнтаў выбаршчыкаў). Самі ж выбары ў большасці акруг адбыліся ўжо ў 16 гадзін нядзелі. Паводле інфармацыі сакратара Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалая Лазавіка, на гэты момант прагаласавалі 58,27 працэнта выбаршчыкаў. Найбольш актыўнымі былі Брэсцкая і Віцебская вобласці - 62,52 і 61,14 працэнтаў адпаведна. Не перавысіў 50-працэнтную планку на той час толькі Мінск, дзе прагаласавалі 49,73 працэнта выбаршчыкаў, але і там з 55 акруг выбары ўжо адбыліся ў 26.

Высокую яўку насельніцтва М.Лазавік патлумачыў у першую чаргу больш актыўнай, у параўнанні з папярэдняй мясцовай выбарчай кампаніяй, работай арганізатараў выбараў. Агітацыя ўзяць удзел у выбарах, нават на думку прадстаўнікоў Цэнтрвыбаркама, часам была нават вельмі назойлівай. Дарэчы, датычылася гэта і самога дня галасавання, калі агітацыя ў прынцыпе забароненая. Як адзначыў М. Лазавік, "агітацыя ў дзень выбараў забароненая. Прычым у Выбарчым кодэксе запісана, што агітацыя ў дзень выбараў, у тым ліку і заклікі да байкоту, забараняецца. У прынцыпе гэты артыкул можна трактаваць і так, што агітацыя забароненая ў цэлым па любых накірунках выбарчага працэсу. Але ў той жа час я не думаю, што на раскладку сіл паміж кандыдатамі нейкім чынам паўплывае напамін членаў камісіі прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць. Прамой забароны на гэта ў Выбарчым кодэксе няма. Але мы не рэкамендуем у дзень выбараў у нейкім выглядзе агітаваць за ўдзел у выбарах. Магчыма, гэта можна было б зрабіць у больш мяккай форме: выступае член камісіі, паведамляе, што прагаласавалі, напрыклад, 45 працэнтаў, яшчэ не хапае 5 працэнтаў, таму чакаем вас на выбарчых участках. Гэта будзе нармальна, без якіх бы там ні было заклікаў".

У цэлым жа выбары прайшлі спакойна. Ледзь не адзінымі нечаканымі выпадкамі можна назваць хіба што званкі аб замініраванні трох мінскіх школ. Няшмат было і заўваг з боку назіральнікаў. Іх, дарэчы, на ўчастках было больш за восем з паловай тысяч. Паводле слоў М.Лазавіка, на мінулых выбарах назіральнікі закідвалі скаргамі Цэнтрвыбаркам, цяпер жа ім удалося знайсці паразуменне з членамі выбарчых камісій. Дарэчы, па інфармацыі на ўчарашні дзень, скаргаў у Цэнтрвыбаркам наогул пакуль не паступала.

Напэўна, усё гэта станоўчым чынам адбілася на выніках галасавання. Як адзначыла ўчора на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, з 1672 Саветаў несфарміраванымі засталіся толькі 8. Нагадаем, што дзеяздольным лічыцца Савет, у склад якога выбрана больш за 50 працэнтаў дэпутатаў. Такім чынам, не пазней чым праз 30 дзён там павінны ўжо прайсці першыя сесіі. Несфарміраванымі пакуль засталіся Саветы ў чатырох гарадах абласнога падпарадкавання - Віцебску, Гродне, Оршы, Жодзіне, а таксама ў гарадах раённага падпарадкавання - Барані, Новалукомлі, Белаазёрску. Дарэчы, паводле слоў Л.Ярмошынай, у апошніх выбары традыцыйна праходзяць складана. Новы склад Саветаў там не маглі выбраць на працягу ўжо 9 гадоў. Праўда, гэтыя Саветы яшчэ маюць добры шанц быць сфарміраванымі пасля другога тура галасавання. А вось пасялковы Савет у Мачулішчах Мінскага раёна перспектыў на фарміраванне наогул не мае. Там дапамагчы змогуць толькі паўторныя выбары.

Найбольшую цікавасць маюць вынікі галасавання па Мінску. У сталіцы ўдзел у выбарах прынялі 61 працэнт выбаршчыкаў, прычым выбары адбыліся па ўсіх акругах. Ужо выбраны 52 дэпутаты. I гэта пры тым, што ў 1999 годзе з 52 дэпутатаў было выбрана толькі 35. Персанальны склад Мінскага гарсавета вызначаецца некалькімі адметнасцямі. Больш за палову яго складаюць кіраўнікі мінскіх прадпрыемстваў і ўрачы бапьніц. Выбраны на другі тэрмін і цяперашні старшыня Мінгарсавета. А вось прадстаўнікам партый не пашанцавала. Пакуль дэпутатам стаў толькі адзін член Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. Па Мінску шанцы засталіся яшчэ ў аднаго партыйнага кандыдата - прадстаўніка АГП, які выйшаў у другі тур. Другі тур выбараў у Мінску адбудзецца ў дзвюх з трох акруг, што засталіся. У адной акрузе выбаршчыкі не змаглі аддаць перавагу ніводнаму з двух кандыдатаў. Калі ж ніводны з двух кандыдатаў не набраў 50 працэнтаў галасоў, павінны праводзіцца паўторныя выбары.

Большая частка дэпутатаў выбрана і ў Саветах іншага ўзроўню. У абласныя Саветы выбрана 314 дэпутатаў з 363, у раённыя Саветы - 4074 з 4252, у Саветы гарадоў абласнога падпарадкавання - 499 з 688. 164 дэпутаты выбраны ў Саветы гарадоў раённага падпарадкавання, 17.204 - у сельскія Саветы. 3 77 пасялковых Саветаў дастатковы для работы склад не мае толькі адзін.

Вынікі першага тура выбараў павінны быць падведзены Цэнтрвыбаркамам 6 сакавіка. Тады стане больш дакладна вядома пра персанальны склад Саветаў увогуле.

Другі тур павінен адбыцца не пазней чым 16 сакавіка. Дакладную дату будуць вызначаць самі тэрытарыяльныя камісіі, прычым гэта можа быць нават будны дзень. Дадаткова выбіраць дэпутатаў будуць у дзвюх акругах Мінскага гарадскога Савета, 23 - абласных Саветаў, 39 - раённых, 113 - гарадоў абласнога падпарадкавання, 18 - гарадоў раённага падпарадкавання. Дарэчы, дадатковых фінансавых затрат на гэта з рэспубліканскага бюджэту не спатрэбіцца. Прычым дзякуючы актыўнасці выбаршчыкаў Цэнтрвыбаркаму ўдалося нават зэканоміць. Як вядома, на выбары выдаткоўваліся сродкі ў памеры 10,5 млрд. рублёў. Цэнтрвыбаркам жа змог укласціся ў 7 млрд.