НЕДАРОД ("Народная воля")
2003-03-05
Аўтар: Аўтар: Наталля Гак
Млявасць палітычных партый, грамадскіх рухаў і бессаромная
нахабнасць "вертыкалі" не дазваляюць сцвярджаць, што Беларусь ідзе па
шляху дэмакратыі.
Менш за адзін працэнт сярод дэпутатаў, абраных у мясцовыя саветы, складаюць
прадстаўнікі палітычных партый і дэмакратычных рухаў. Партыя камуністаў
Беларуская мае 120 мандатаў, грамадскае аб'яднанне "БНФ "Адраджэньне"
- 11, столькі ж - Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада),
Аб'яднаная грамадзянская партыя - 5. 22 сацыял-дэмакраты, 9 сябраў ГА
"БНФ "Адраджэньне" і 14 членаў АГП выйшлі ў другі тур галасавання.
Усе спробы даведацца пра "ўраджай" Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі
вынікаў пакуль не далі. Адказ адзін - "канчатковыя вынікі яшчэ не падведзены".
Можна здагадвацца: няма чаго падводзіць. Калі б быў іншы варыянт, той
жа Сяргей Гайдукевічсам аб'ехаў бы ўсе рэдакцыі і даў бы не адно інтэрв'ю.
Сітуацыя, натуральна, ненармальная. У любой цывілізаванай краіне на выбарах
любога ўзроўню, уключаючы мясцовыя, першую скрьіпку граюць менавіта прадстаўнікі
палітычных партый. Народ ведае выбарчую платформу таго ці іншага кандыдата,
у першую чаргу па яго прыналежнасці да той ці іншай палітычнай групоўкі.
А што я магу ведаць пра намер дэпутата, калі ў сваім агітацыйным лістку
ён напісаў: "работнік выканкама, жонка, двое дзяцей..."?
Лукашэнкаўская прапаганда падае вынікі выбараў як волевыяўленне народа,
як падтрымка ім улады. Але пра якое волевыяўленне можна весці гаворку,
калі з першага дня выбарчай кампаніі тая ж улада наплявала на ўсе законы.
Як фарміраваліся камісіі? З адной мэтай - каб у іх аказаліся "свае людзі",
каб ніякім ветрам туды не занесла прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх
рухаў. А як праходзіла рэгістрацыя кандыдатаў? "Паляванне" ішло ў першую
чаргу на тых, чыя пазіцыя не адпавядае ўстаноўкам "вертыкалі". А датэрміновае
галасаванне? Натоўпамі гналі студэнтаў, служачых, рабочых некаторых прадпрыемстваў...
Як галасуе беларуская вёска - увесь свет ведае.
Бессаромнасць "вертыкалі" можна зразумець: згубяць уладу - згубяць кармушкі,
згубяць пасады... Таму і дзеянні былі нахабнымі, цынічнымі.
А ці адэкватна дзейнічалі тыя ж палітычныя партыі, грамадскія рухі? Не,
не і яшчэ раз не. "Вертыкаль дэманстравала бессаромную нахабнасць, апазіцыя
- агульную млявасць. Калі апошнія былі ўпэўнены, што ўлада растопча Выбарчы
кодэкс, то чаму не шукалі шляхі
"перакрыцця кіслароду"? А можа, трэба было прыслухацца да Зянона Пазьняка
і яго прыхільнікаў (нельга ісці на галасаванне пры дыктатарскім рэжыме)?
Але, як кажуць, пасля бойкі кулакамі не махаюць. Лукашэнка праз сваю прэсс-лужбу
"высока ацаніў выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў" і адзначыў "вялікую
і вельмі якасную работу Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах
і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на чале з Лідзіяй Ярмошынай".
Цікава, што ў паведамленні прэзідэнцкай прэсс-лужбы нічога не сказана
пра тое, ці прагаласаваў сам Лукашэнка. У гэтым, на мой погляд, добра
бачны яго адносіны да выбараў. У Францыі ці Германіі лідэр краіны абавязкова
запрасіў бы да сябе журналістаў, дэманстратыўна апусціў бы бюлетэнь у
скрыню, пацвярджаючы тым самым сваю прыхільнасць да дэмакратычных прынцыпаў.
На пытанне, на якім участку галасаваў А.Лукашэнка, спадарыня Ярмошына
адказала прыкладна так: не маю інфармацыі. Але ж усе ведаюць, што ў нядзелю
Лукашэнка знаходзіўся ў Сочы ці побач з гэтым курортам.
Што і казаць, маем яшчэ адзін горкі ўрок. Дэмакратыя сама не прыходзіць,
яна дастаецца толькі тым, хто здольны на вялікія ахвяраванні. З'явяцца
такія сілы ў Беларусі - усё пойдзе іншым шляхам.