МЁРТВЫ СЕЗОН: каментар 3 сакавіка 2003 года
Выбары ў мясцовыя Саветы ў Беларусі адбыліся. На выбарчыя ўчасткі з'явіліся 73,3% выбаршчыкаў (што толькі крыху менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года). У абсалютных лічбах гэта складае 5 202 966 чалавек з 7 082 375 зарэгістраваных грамадзян, якія маюць права голасу. У лік прагаласаваўшых, на жаль, не трапіў Аляксандр Лукашэнка, які адпачываў у Сочы. Зрэшты, яго голас у дадзеным выпадку наўрад быў бы рашаючым.
На думку кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, каласальнай яўцы дапамог цяперашні мёртвы ў сельскагаспадарчым сэнсе сезон, калі народ не раз'язджаецца на выхадныя саджаць бульбу або збіраць ураджай. Зрэшты, пра мёртвы сезон можна гаварыць і ў больш шырокім сэнсе...
На першы тур выбараў затрачана 7 мільярдаў беларускіх рублёў. Лідзія Ярмошына адмыслова падкрэсліла на сённяшняй прэс-канферэнцыі гэтую лічбу - учора па тэлебачанні прагучала, што на іх патрачана 10 мільярдаў. 10,5 млрд. рублёў - гэта сума, выдаткаваная на правядзенне першага і другога тураў галасавання. Паколькі ў пераважнай большасці акругаў другога тура наогул не будзе, бюджэт Беларусі зэканоміць каля 3 млрд. рублёў. Большасць мясцовых выбарчых камісій маюць свой рэзерв сродкаў, за кошт чаго і правядуць другія туры або паўторныя выбары.
Большасць мясцовых Саветаў абраныя ў поўным складзе ўжо ў першым туры. Гэта зусім не азначае, што вызначыліся ўсе ўладальнікі мандатаў у гэтых Саветах: фармулёўка "паўнамоцны склад" мае на мэце, што абрана больш за 50% дэпутатаў. Не дасягнулі такой планкі толькі 8 Саветаў. З 1672 мясцовых Саветаў паўнамоцны склад дэпутатаў атрымалі 1.664.
Самая распаўсюджаная прычына таго, што ў асобных акругах выбары не адбыліся, - недабор кандыдатамі галасоў. Гэта азначае, што ў акрузе былі два кандыдаты, але ніводзін з іх не набраў абсалютнай большасці галасоў. У гэтым выпадку мясцовым выбарчым камісіям давядзецца прызначаць перавыбары. Час перавыбараў мясцовыя камісіі вызначаць самі. Другі тур у акругах (там, дзе ён будзе) пройдзе не пазней за 16 сакавіка.
Высокую яўку на мясцовых выбарах Лідзія Ярмошына, як ужо зазначалася вышэй, абгрунтавала адсутнасцю сезонных сельгасработ: людзі не раз'язджаюцца па адпусках і агародах, а сядзяць на месцы, што і дазволіла ім прыйсці на выбары. Зрэшты, гэты аргумент дастаткова спрэчны, паколькі ён ніяк не апраўдвае больш чым 20-працэнтнае датэрміновае галасаванне. Менавіта ў сувязі з датэрміновым галасаваннем у экс-кандыдатаў і зацікаўленых асоб могуць узнікнуць сур'ёзныя пытанні. І менавіта гэтае галасаванне можа стаць прычынай для жорсткай ацэнкі выбараў на міжнародным узроўні.
Зрэшты, Лідзія Ярмошына заўважыла, што справа ЦВК - толькі кантроль за ходам выбараў. За сам працэс адказваюць мясцовыя выбаркамы.
Найбольш цікавая сітуацыя з выбарамі дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета 24-га склікання. Па электаральнай актыўнасці сталіца традыцыйна адстае ад перыферыі. Толькі 61% выбаршчыкаў наведалі мінскія ўчасткі для галасавання. Тым не меней, ужо ў першым туры былі абраныя 52 дэпутаты Мінгарсавета з 55. Па адной акрузе прызнана, што выбары не адбыліся, у дзвюх іншых пройдзе другі тур.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына зачытала спіс абраных у Мінгарсавет. Аказалася, практычна на 100% здзейсніўся прагноз лідэра Беларускай сацыя-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча. Ён прадракаў, што ад "партыі ўлады" у Мінску спрэс пройдуць у дэпутаты кіраўнікі прадпрыемстваў, выкладчыкі, урачы і чыноўнікі раённых адміністрацый. Па выніках выбараў аказалася, што Мінскі гарадскі Савет практычна толькі з іх і складаецца. У гэты Савет трапіў толькі адзін прадстаўнік партыі - ды і той з лаяльнай да ўладаў Сацыяльна-спартыўнай.
Зрэшты, апазіцыйныя партыі ўжо выказалі сваё стаўленне да гэтых выбараў як да недэмакратычных і непразрыстых.
"Насамрэч няма выбараў, - заявіў учора ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. - Ёсць жорсткая выбарчая кампанія, але не выбары. Выбары - гэта пэўныя стандарты і правілы". Аднак, на яго думку, выбарчая кампанія для апазіцыйных партый была паспяховай - сведчаннем гэтага стаў той факт, што за два дні да галасаваня ў Мінску "улады былі змушаныя зняць з барацьбы шэраг прадстаўнікоў апазіцыйных партый - найбольш моцных кандыдатаў у дэпутаты".
Такога ж кшталту меркаванне выказаў і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. "Тое, што ў нас называецца выбарамі, насамрэч выбарамі не з'яўляецца, - заявіў ён. - Выбарчае заканадаўства не змянілася ў бок дэмакратызацыі і празрыстасці. Выбарчая практыка (фарміраванне камісій, фільтрацыя кандыдатаў, магчымасць кантролю за выбарамі) не пакідае нават "лазейкі" для дэмакратычнасці. Замежных дыпламатаў увогуле не дапусцілі да выбарчых участкаў".
Зрэшты, з лагера апазіцыі чуюцца і вельмі самакрытычныя галасы. Лідэр незарэгістраванага "Маладога фронту" Павел Севярынец лічыць ход выбарчай кампаніі "паражэннем апазіцыйных сіл". "Выбары прайшлі па сцэнарыю рэжыму, - сказаў ён. - Гэта можна сказаць і на падставе вялікай колькасці тых, хто прыйшоў на датэрміновае галасаванне, і на падставе факту безальтэрнатыўных выбараў у большасці акругаў". Вынікам гэтай кампаніі, лічыць Севярынец, можа стаць "яшчэ большая легітымізацыя рэжыму і вялікія праблемы ў апазіцыі". "Лакальныя поспехі, дасягнутыя пэўнымі дэмакратычнымі кандыдатамі, могуць стаць фундаментам для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Але ў цэлым кампанію, праведзеную апазіцыяй, і ўвесь ход выбараў можна назваць паражэннем дэмакратыі", - заявіў ён.
Так што выбары ў мясцовыя Саветы ніякіх нечаканасцяў не прынеслі. Саветы абраныя. Пісьмовых скаргаў у Цэнтрвыбаркам, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, няма. Дэмакратычныя партыі, як і прагназавалася, апынуліся "за бортам" Мінгарсавета (толькі адзін прадстаўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі выйшаў у другі тур). Вынік заканамерны, паколькі сталічны Савет мае асаблівую вагу, у прыватнасці, з той прычыны, што выбірае восем сенатараў. А туды, у Нацыянальны сход, апазіцыянерам уваход заказаны як найстражэй.