ЦЯГНІК МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ ПАЙШОЎ, ПАРТЫІ СПАЗНІЛІСЯ - выніковы каментар 19 сакавіка 2003 года
2003-03-19
Аўтар:
Цэнтральная камісія па выбарах падвяла вынікі другога тура выбараў у мясцовыя Саветы. Фактычна гэта азначае, што эпапея завершана. Мясцовыя Саветы сфарміраваныя. Практычна без удзелу палітычных партый.
Цэнтральная камісія па выбарах падвяла вынікі другога тура выбараў у мясцовыя Саветы. Фактычна гэта азначае, што эпапея завершана. Мясцовыя Саветы сфарміраваныя. Практычна без удзелу палітычных партый.
Як паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, падчас другога тура галасавання ў мясцовыя Саветы былі даабраныя 194 дэпутаты. У тым ліку ў другім туры перамаглі 22 прадстаўнікі палітычных партый. Камуністычная партыя Беларусі атрымала 5 мандатаў, Партыя камуністаў Беларуская - 6, Аб'яднаная грамадзянская партыя - 4, столькі ж - Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада па аднаму мандату - Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя працы і Партыя БНФ.
Такім чынам, па выніках другога тура галасавання ў паўнамочным складзе сфарміраваныя ўсе 1.672 мясцовыя Саветы, паведаміў Мікалай Лазавік.
І ва ўсіх гэтых Саветах - мізэрнае прадстаўніцтва дэпутатаў ад дэмакратычных партый.
Такі вынік заканамерны. Таму што, як ні дзіўна, практычна ніводная палітычная партыя (апрача, магчыма, сацыял-дэмакратычнай "Народнай грамады") да вялікіх дасягненняў на выбарах не імкнулася. У той час як лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч заяўляў аб важнасці плацдарма, якім маглі стаць пазіцыі дэмакратаў у мясцовых Саветах, лідэры іншых партый рабілі ўпор на "дэмакратычную агітацыю". Так, на думку лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, выбарчую кампанію і выбары наогул варта было выкарыстаць перш за ўсё як інструмент інфармавання мас. Але калі ставіць такую размытую мэту, то колькасць абраных кандыдатаў - ужо як бы і не галоўны паказчык эфектыўнасці кампаніі. Таму скардзіцца наконт фальсіфікацый і "зрэзаў" кандыдатаў не зусім нават і лагічна. Зрэшты, упор на "асветніцтва", хутчэй за ўсё, быў зроблены не ад добрага жыцця: партыі проста адчувалі, што пораху нягуста.
На думку палітолага Віктара Чарнова, "іміджавая кампанія" на мясцовых выбарах - гэта хутчэй памылка, чым перавага. "Выбраны фармат кампаніі быў у першую чаргу прадыктаваны параўнальна вузкапартыйнымі мэтамі: пашырэнне базы электаральнай падтрымкі, павышэнне рэйтынгаў вядомасці і даверу той або іншай партыі. Стратэгіі ўсіх без выключэння партый і большасці іх кандыдатаў адрозніваліся імкненнем максімальна прасунуць уласныя партыйныя лейблы, праграмныя мэты і лозунгі, - зазначае Віктар Чарноў. - Насамрэч, кандыдат павінен звяртацца да выбаршчыкаў з блізкімі і зразумелымі ім ідэямі і даказваць сваімі дзеяннямі, што ён здольны вырашыць актуальныя для выбаршчыка праблемы. Як паказвае першапачатковы аналіз ходу кампаніі, менавіта за такіх кандыдатаў выбаршчыкі гатовыя былі прагаласаваць".
Да таго ж з самага пачатку было ясна, што палітычныя партыі не могуць разлічваць на сумленнасць і празрыстасць выбараў. Калі ў кагосьці і была слабенькая надзея, што мясцовыя выбары - гэта "не той узровень" для буйнамаштабных фальсіфікацый, то яна цалкам не апраўдалася. Выбарчая сістэма Беларусі ў гэтым плане настолькі адладжаная, што ўжо можа лічыцца аўтаномнай машынай па правядзенню выбараў. І для яе не мае значэння, якога ўзроўню гэтыя выбары і колькі народу на іх прыйшло. Галоўнае - і гэта сапраўды так - хто лічыць. Таму ў выбарчыя камісіі пусцілі куды менш прадстаўнікоў палітычных партый, чым зарэгістравалі кандыдатамі.
Ды і доля датэрміновага галасавання - таксама своеасаблівы паказчык ступені сумленнасці выбараў. Калі раней аналітыкі лічылі 15% "столлю" фальсіфікацыі шляхам укідвання ў скрыню "патрэбных" бюлетэняў, то цяпер гэтыя "нормы" варта перагледзець, хаця б зыходзячы з 20,7% яўкі прагаласаваўшых датэрмінова на гэтых мясцовых выбарах. Пры тым, што для такога масавага датэрміновага галасавання не было абсалютна ніякіх прычын, і гэта пацвердзіла нават старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. І яшчэ нюанс: згодна з сацыялагічнымі дадзенымі, толькі 45 працэнтаў выбаршчыкаў Мінска, якія прагаласавалі на гэтых мясцовых выбарах датэрмінова, прымалі такое рашэнне самастойна. Гэта значыць, на 55% "датэрміноўшчыкаў" быў аказаны той ці іншы ціск.
Зрэшты, гаварыць аб мясцовых выбарах ужо позна. Цяпер партыі падбіваюць сціплыя вынікі і збіраюцца працаваць у Саветах з тымі, хто ёсць. АГП, да прыкладу, збіраецца стварыць міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Лідэр партыі Анатоль Лябедзька так вызначыў прыярытэты дзейнасці будучай дэпутацкай групы: "Кансалідацыя, каардынацыя і эфектыўная праца ў выбарчых акругах". У хуткім часе адбудзецца арганізацыйнае пасяджэнне МДГ, на якім будуць прынятыя рэгламент і праграма дзейнасці. Магчыма, гэтая праграма растлумачыць, як могуць дэпутаты мясцовых Саветаў каардынаваць сваю працу: месцы ў дэпутатаў розныя і, адпаведна, мясцовыя праблемы - таксама.
Цяпер партыі павінны атрымаць урокі з кампаніі і зноў задумацца аб выбарах. На гэты раз - аб парламенцкіх. Як паказаў досвед мясцовых выбараў 2003 года, партыі і іх кандыдаты павінны рыхтавацца да электаральнай кампаніі за паўтара-два гады. Дапамагчы апазіцыі трапіць у выбарчыя органы можа толькі абсалютная перавага ў галасах выбаршчыкаў. Толькі такая абсалютная перавага можа звесці на нішто механізмы фальсіфікацыі. А каб гэтую абсалютную перавагу атрымаць - трэба працаваць на рэйтынг, на папулярнасць дэмакратычных партый і іх кандыдатаў. Ужо цяпер.