Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Каментары

"ДРУШЛЯК" ДЛЯ КАНДЫДАТАЎ: каментар 25 снежня 2002 года


2002-12-25

Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст

Зараз для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ад партыі патрабуецца прадставіць не тры дакументы, як раней, а сем. Сярод іх - статут партыі, пасведчанне аб яе рэгістрацыі, пратакол вылучэння і г.д. Акрамя таго, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў распрацавала ўнутраную інстркуцыю па афармленні дакументаў, якую пакуль адмаўляецца даць прадстаўнікам палітычных партый. Карацей, зараз партыйца могуць не зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты з-за няправільнага афармлення дакументаў (напрыклад, пратакола аб вылучэнні). А як яго аформіць правільна - гэтага Цэнтрвыбаркам не гаворыць, спасылаючыся на тое, што выдаць інструкцыю па афармленні дакументаў не дазваляе беларускае заканадаўства.

Мікалай Статкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) лічыць, што такія захады былі прыняты для таго, каб свядома не дапусціць прадстаўнікоў палітычных партый да ўдзелу ў выбарах:

- Безумоўна, гэта зроблена дзеля таго, каб як мага больш ускладніць працу па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый. Нашы партыі нарэшце перасталі займацца лухтой, прабачце за выраз, і прынялі рашэнне ўдзельнічаць у выбарах. Зразумела, улада будзе вылучаць сваіх кандыдатаў і будзе змагацца за тое, каб прадстаўнікі палітпартый у лік кандыдатаў не трапілі.

Мы вылучаем на выбары ад партыі каля 300 чалавек. І гэтыя сем дакументаў для нас - каласальная праца. Камуністы вылучаюць каля 500. Партыі нясуць дадатковыя матэрыяльныя затраты і "страты" ў тэхнічных супрацоўніках. Кожны статут - маленькая кніга, якую трэба раздрукаваць, прашыць, засведчыць пячаткай партыі, прадставіць засведчаныя пасведчанні аб рэгістрацыі партыі… Уявіце, колькі супрацоўнікаў павінны гэтым займацца.

Да таго ж унутраныя інструкцыі Цэнтрвыбаркама па афармленні дакументаў сталі "службовай тайнай". Мы разаслалі па сваіх партыйных структурах вытрымкі з законаў, якія датычаць выбараў у мясцовыя Саветы, але не можам выслаць узоры пратаколаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, таму што іх у нас няма, - Цэнтрвыбаркам нічога не дае.

Па гэтыя дакументы ў ЦВК вусна звярталіся камуністы. Наша партыя па іх будзе звяртацца афіцыйна, і мы ўжо рыхтуем запыт.

Акрамя таго, працягваюцца ранейшыя праблемы, - вельмі цяжка паставіць на ўлік у мясцовых аддзелах юстыцыі раённыя арганізацыі партыі. Са 114 раённых арганізацый у нас на ўліку толькі 48. Астатнія, напэўна, будуць вылучаць кандыдатаў шляхам збору подпісаў, што з'яўляецца дастаткова рызыкоўнай справай і дае магчымасць для правакацый.

У мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў важнасць гэтых выбараў для ўлады. Саветы - асноўнае звяно мясцовага самакіравання. Іх роля ў жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства значная, заявіў прэзідэнт Беларусі, выступаючы на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, паведамляе БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна захаваць і ўмацаваць добрыя дзелавыя стасункі мясцовых Саветаў і выканаўчай улады, якія склаліся ў краіне практычна паўсюдна. "Працаваць на месцах трэба адзінай камандай, толькі тады будзе вынік", - сказаў прэзідэнт.

Зразумела, у выканаўчай улады наўрад ці атрымаецца "працаваць адзінай камандай" з прадстаўнікамі апазіцыйных партый. Ды і "добрыя дзелавыя стасункі" пры змене складу мясцовых Саветаў заканамерна некалькі зменяцца. Таму можна меркаваць, што праблемы, якія ўзніклі ў палітычных партый, - далёка не апошнія ў гэтай перадвыбарнай кампаніі.

Акрамя новаўвядзення ў частцы рэгістрацыі, кандыдатаў у дэпутаты чакаюць і іншыя рагаткі. Палата прадстаўнікоў адхіліла ўнесены Валерыем Фраловым праект па выключэнні з Крымінальнага кодэкса трох артыкулаў: 367 - "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта"; 368 - "Абраза прэзідэнта" і 369 - "Абраза прадстаўніка ўлады". На думку кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаны Літвіной, прымяненне апошняга артыкула можа звесці на нішто саму магчымасць перадвыбарнай агітацыі:

- Сітуацыя вельмі небяспечная, асабліва напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы. Калі зараз 369 артыкул КК пачнуць прымяняць вертыкальшчыкі і рэгіянальная кіраўніцкая эліта, то пра паўнавартасную перадвыбарную кампанію прыйдзецца забыць. Абсалютна любы крытычны выпад кандыдата ў адрас любога прадстаўніка мясцовай улады можа быць успрыняты ім як знявага і пацягнуць за сабой разбор у судзе.

Гэты разбор можа закрануць не толькі журналістаў, але і любога кандыдата ў дэпутаты, які наважыцца падчас перадвыбарнай кампаніі крытыкаваць мясцовыя ўлады за кепскую працу.

Урэшце, палітычным партыям ніхто і не абяцаў, што перадвыбарная кампанія будзе лёгкай, бязвоблачнай і сумленнай. Давядзецца гуляць так, як ёсць.

Дарэчы, згодна з указам прэзідэнта, выбары ў мясцовыя Саветы прызначаны на 2 сакавіка 2003 года. Так што партыям прыйдзецца паварушыцца.