ПЕРШАЯ МІСІЯ - ГЭТА КАМІСІЯ: каментар 4 студзеня 2003 года
2003-01-04
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Мікалай Лазавік, сакратар беларускага Цэнтрвыбаркама,
гаворыць, што ЦВК робіць усё магчымае для "празрыстасці" гэтай кампаніі.
І, паводле яго слоў, "вострых пытанняў" у дачыненні да работы камісіі
не ўзнікала. Прынамсі, яму пра гэта не дакладвалі:
- Вылучэнне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій закончылася
толькі ўчора. Таму ў нас пакуль няма аналітычнай інфармацыі: якія партыі
прадстаўлены ў камісіях, колькі іх прадстаўнікоў туды ўвайшло і г.д. Зараз
выканкамы і прэзідыумы Саветаў павінны гэтыя камісіі сфарміраваць. Статыстыку
мы будзем ведаць на наступным тыдні, прыкладна 10 студзеня, паколькі 6-га,
- апошні дзень фарміравання гэтых выбарчых камісій. Два дні выхадных,
і ў панядзелак-аўторак мы атрымаем больш падрабязную інфармацыю.
Палітычныя партыі ўжо пачалі атрымліваць брашуры - рэкамендацыі тэрытарыяльным
выбарчым камісіям, якія раней апазіцыянеры называлі "сакрэтнымі інструкцыямі".
Я асабіста ўручыў гэтую брашуру прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай
партыі, яе ўжо атрымалі прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі,
і, па-мойму, камуністы Калякіна. Мы раздаем яе толькі палітычным партыям,
паколькі наклад разлічаны на колькасць выбарчых камісій. Партый у нас
18, іх гэтымі брашурамі мы можам забяспечыць. Але грамадскія аб'яднанні,
якіх у нас шмат і якія таксама просяць гэтыя рэкамендацыі, мы забяспечыць
імі не ў стане. У першую чаргу гэтыя брашуры павінны пайсці па прызначэнні
- у тэрытарыяльныя камісіі.
У нас створана прыёмная для грамадзян па пытаннях правядзення выбараў.
Яна працуе з 2-га снежня і будзе працаваць на працягу ўсёй кампаніі, да
20 сакавіка. Кожны, у каго ўзніклі нейкія пытанні, можа звярнуцца туды
па тлумачэнне. На жаль, я не магу сказаць, хто туды званіў, але магу меркаваць,
што ніякіх вострых пытанняў не ўзнікала. Не было ніякіх надзвычайных сітуацый
і момантаў, пра якія варта было б дакладаць старшыні або сакратару Цэнтрвыбаркама
- інакш нашы супрацоўнікі паведамілі б. Пакуль яны кансультуюць грамадзян,
спраўляюцца са сваёй работай і на нас з пытаннямі не выходзілі.
Партыя камуністаў Беларуская ўжо вылучыла 70 прадстаўнікоў партыі ў склад
тэрытарыяльных камісій. Усяго для работы ў камісіях рознага ўзроўню камуністы
маюць намер вылучыць больш за 400 сваіх прыхільнікаў, а 519 членаў ПКБ
гатовы змагацца за дэпутацкія мандаты.
Віталь Малашка, каардынатар па выбарах Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Народная грамада) паведаміў, што ўсяго ад БСДП (НГ) плануецца
вылучыць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі каля 60 чалавек. Па Брэсцкай,
Мінскай, Віцебскай абласцях і па Мінску ўжо вылучана 37 кандыдатаў. Па
Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях справаздач пакуль няма.
Што да адмоў у рэгістрацыі або іншых парушэнняў, то гаварыць пра гэта
рана:
- На пятніцу прызначаны разгляд кандыдатур у выканкамах і мясцовых Саветах.
У пятніцу мы і будзем прымаць або адмовы, або віншаванні.
Анатоль Лябедзька, лідэр АГП, гаворыць, што канкрэтныя звесткі аб рэгістрацыі
членамі выбарчых камісій прадстаўнікоў партыі будуць вядомыя пазней: зараз
можна гаварыць толькі пра папярэднія звесткі па вылучэнні кандыдатаў у
тэрытарыяльныя камісіі.
- Прадстаўнікі партый у многіх рэгіёнах вылучаліся на кааліцыйнай аснове.
Мы загадзя размеркавалі паміж сабой асобныя рэгіёны. Паказальны прыклад
Гомельскай вобласці: наша партыя вылучыла сваіх прадстаўнікоў у Жлобіне,
Рагачове, Мазыры. Іншыя партыі вылучылі сваіх прадстаўнікоў у іншых гарадах.
Буйныя гарады з насельніцтвам больш за 100.000 жыхароў такім кааліцыйным
шляхам закрытыя ўсе. Але ёсць прыклады і больш дробных гарадоў, такіх,
як Астравец. Там не было ніякіх структур, ніякіх партый, акрамя нашай.
І нашы тры чалавекі вылучыліся ў тэрытарыяльную выбарчую камісію. Аднак:
усе дакументы для вылучэння былі гатовы загадзя і пададзены былі ў першыя
хвіліны тэрміну для вылучэння. Але нашаму прадстаўніку сказалі, што яго
заява зарэгістравана пад 23-24-м нумарам, што аўтаматычна - за лімітам
складу тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Магчыма, такі механізм і будзе
выкарыстоўвацца для таго, каб не дапусціць у тэрытарыяльныя камісіі прадстаўнікоў
партый. Але пра гэта мы даведаемся толькі пасля 6 студзеня.
Уласна, на падобныя прэтэнзіі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына
адказала яшчэ на прэс-канферэнцыі 27 лістапада, заявіўшы, што не важна,
пад якім нумарам зарэгістраваны дакументы аб вылучэнні грамадзян у склад
тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Галоўнае - каб гэтыя грамадзяне маглі
паўнавартасна там працаваць. Пажадана, каб чалавек быў прафесіяналам і
ўжо меў досвед такой працы.
А вось у сувязі з гэтым тэзісам ужо ўзнікла калізія. У заяве АГП наконт
інструкцый ЦВК, надрукаваных у прэсе, гаворыцца, што "ва ўзорах дакументаў
утрымліваецца норма, якая патрабуе ўказаць, ці з'яўляўся вылучаны прадстаўнік
раней членам выбарчай камісіі".
На думку АГП гэта незаконна, паколькі закон устанаўлівае вычарпальны пералік
звестак, якія павінны прадстаўляць суб'екты вылучэння пры падачы сваіх
дакументаў у органы, што ўтвараюць камісію.
У пратаколе ўказваюцца назва кіруючага органа палітычнай партыі, іншага
грамадскага аб'яднання, што вылучыла прадстаўніка ў склад камісіі, яго
адрас і нумар тэлефона, колькасць членаў органа (калектыву), колькасць
удзельнікаў сходу, пасяджэння гэтага органа (калектыву), вынікі галасавання,
дата прыняцця рашэння, прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння,
пасада (занятак), месца працы і месца жыхарства асобы, вылучанай у члены
камісіі. Адпаведныя звесткі ўказваюцца і ў пратаколе сходу працоўнага
калектыва, пярвічнай арганізацый палітычнай партыі, іншага грамадскага
аб'яднання. Пратакол падпісваецца старшынёй і сакратаром сходу, пасяджэння.
У заяве грамадзян, якія вылучылі прадстаўніка ў склад камісіі шляхам падачы
заявы, указваюцца пералічаныя звесткі аб асобе, вылучанай у члены камісіі,
а таксама прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння і месца жыхарства
кожнага грамадзяніна, які падпісаў заяву.
На думку АГП, увёўшы ў формы дакументаў норму, не прадугледжаную законам,
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў
парушыла закон. Гэтая норма ўведзена ў формы дакументаў з палітычнымі
мэтамі, лічаць апазіцыянеры. Яе выкарыстанне будзе з'яўляцца дадатковым
аргументам для органаў, якія ўтвараюць камісіі, не ўключаць прадстаўнікоў
апазіцыйных палітычных сіл у выбарчыя камісіі ў сувязі з тым, што яны
не маюць вопыту работы там і таму нібыта не змогуць якасна выконваць свае
абавязкі.
Рэакцыі Цэнтрвыбаркама на гэтую заяву пакуль няма. Аднак імкненне напоўніць
камісіі прафесіяналамі з вопытам работы можа парушыць правы іншых грамадзян
- роўна як і правы калектываў, што іх вылучылі (не важна, партыя гэта
ці працоўныя). Здаецца, беларускай ЦВК давядзецца заяўляць аб тым, што
залішнюю графу ўвялі выключна "да ведама" і ніякім парушэннем закона тут
не пахне.
Але нават калі першы этап пройдзе дастаткова гладка, то ў далейшым выбарчая
кампанія будзе не такой бязвоблачнай для ўсіх бакоў. З уладай не жартуюць
- ва ўсіх сэнсах.