У БОЙ ІДУЦЬ АДНЫ СТАРЫЯ: каментар 22 студзеня 2003 года
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Паводле яе слоў, асаблівага запалу ў вылучэнні кандыдатаў
не праявілі, насуперак чаканням, палітычныя партыі. Імі вылучаны толькі
1.033 чалавекі, што складае толькі 4% "кандыдатаў у кандыдаты". Вызначаецца
на гэтым фоне Ліберальна-дэмакратычная партыя: 329 вылучэнцаў. Партыя
камуністаў Беларуская афіцыйна вылучыла 208 сваіх членаў, Камуністычная
партыя Беларусі - 141. Аб'яднаная грамадзянская партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (Народная грамада) - вылучылі адпаведна 130 і 103 кандыдаты. Ад
Партыі БНФ за дэпутацкія мандаты хочуць змагацца 76 чалавек.
Як звычайна, найбольш актыўна вылучаліся кандыдаты ад працоўных калектываў.
Такім чынам вылучаны 13.586 чалавек, што складае 51% усіх прэтэндэнтаў.
І 45% (11.948 чалавек) былі вылучаны шляхам збору подпісаў.
Зараз камісіі разбіраюцца з дакументамі і дэкларацыямі аб даходах прэтэндэнтаў
у кандыдаты. Гэтая работа павінна быць завершана 30 студзеня. І ўжо тады,
пасля рэгістрацыі, пачнецца ўласна выбарчая кампанія.
Дэкларацыі аб даходах - балючае пытанне. Асабліва калі ўлічыць, што 3,3%
вылучаных - беспрацоўныя. Запытваць у іх дэкларацыю неяк недарэчна, не
запытваць - незаконна. Цяпер Цэнтрвыбаркам разам з мясцовымі камісіямі
будзе ламаць галаву, як быць з гэтымі людзьмі. Лідзія Ярмошына мяркуе,
што яны, хутчэй за ўсё, жывуць на скрытыя даходы. Але таксама адзначыла,
што выбарчая камісія - не падатковая інспекцыя. "Сам факт таго, што кандыдыт
у дэпутаты - беспрацоўны, мусіць паўплываць на меркаванне выбаршчыкаў",
- лічыць яна. Такім чынам, уся адказнасць за выбар сапраўды ляжыць на
выбаршчыках.
Вельмі цікавы факт: прытым што мясцовыя Саветы, па абыходкавым меркаванні,
практычна нічога не вырашаюць, зноў вылучылася вялікая колькасць тых,
хто былі дэпутатамі раней. Такіх набралося ажно 48,8% ад усіх "кандыдатаў
у кандыдаты" - практычна палова. Менавіта гэтая лічба прымушае крыху задумацца
пра ступень уключанасці так званага адміністрацыйнага рэсурсу ўжо зараз
- калі перадвыбарная агітацыя яшчэ не пачалася і нават кандыдаты не зарэгістраваны.
Невыпадкова "ў бой ідуць адны старыя". Другі запуск правераных людзей
азначае, што выбары нават у гэтыя, нічога не вырашальныя Саветы ўлада
ніколі не збіралася і не збіраецца пускаць на самацёк.
Такога меркавання, у прыватнасці, прытрымліваецца лідэр Аб'яднанай грамадзянскай
партыі Анатоль Лябедзька. Паводле яго слоў, улады дзейнічаюць дастаткова
тонка - як у падыходзе да будучых кандыдатаў у дэпутаты, так і ў дачыненні
да членаў участковых камісій.
- Тактыка ўладаў стала больш тонкай. Напрыклад, ва ўчастковыя выбарчыя
камісіі па Мінску мы вылучалі 80 чалавек. Прайшоў усяго адзін. Ці па Гомелі
- вылучаліся 122 чалавекі, ні адзін не ўключаны ў камісіі, але затое прайшлі
двое ў Рагачове. Гэта значыць калі я скажу, што наша партыя ў камісіях
фактычна не прадстаўлена, гэта будзе праўдай. Пры гэтым улада заўсёды
можа сказаць, што ад нашай партыі былі прадстаўнікі ў камісіях, - і таксама
не схлусіць.
З майго пункту гледжання, прыкладна тое ж самае будзе адбывацца і з нашымі
кандыдатамі ў дэпутаты. Мы вылучылі дастаткова шмат моладзі - ёй будзе
лягчэй. Цяжэй прайсці будзе менавіта тым, хто больш стары і дасведчаны,
тым, хто мог бы ўзначаліць дэпутацкую групу або фракцыю. У Мінску будуць
спрабаваць "пракаціць" членаў палітсавета нашай партыі і дастаткова вядомых
людзей: Святлану Каралёву, Сяргея Альфера, Яўгена Лабановіча. У іх, напэўна,
узнікнуць нейкія праблемы з рэгістрацыяй.
Няцяжка здагадацца, што пасля рэгістрацыі прэтэндэнтаў на мандаты стане
менш. У выніку Беларусь можа атрымаць практычна безальтэрнатыўныя выбары
па большасці акруг. А гэта мы ўжо праходзілі.