НА ПАРТБІЛЕТЫ ВЫПАЛА МАЛА ВЫЙГРЫШАЎ: каментар 5 лютага 2003 года
2003-02-05
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
З 26.567 грамадзян, якія пажадалі стаць кандыдатамі
ў дэпутаты, зарэгістравана 25.805. Адмоўлена ў рэгістрацыі па розных прычынах
762 прэтэндэнтам.
Ад палітычных партый вылучаліся 1.033 прэтэндэнты. Больш за ўсё пацярпела
Ліберальна-дэмакратычная партыя: з 329 яе вылучэнцаў выбылі 145. Далей
па ліку страт ідзе Аб'яднаная грамадзянская партыя: са 130 вылучаных партыйцаў
не зарэгістравалі 76. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная
грамада) афіцыйна вылучыла 103 прадстаўнікі. 69 з іх зарэгістраваны. Партыя
БНФ з 76 вылучаных атрымала 50 зарэгістраваных кандыдатаў. Наперадзе,
як заўсёды, камуністы - Партыя камуністаў Беларуская з 208 прэтэндэнтаў
зарэгістравала 173, а Камуністычная партыя Беларусі са 141 - 114.
Па Мінску яшчэ не разгледжана 11 скаргаў аб нерэгістрацыі, і 6 прэтэндэнтаў
на дэпутацкія пасады ўжо падалі ў суд па прычыне адмовы ім у кандыдацкіх
пасведчаннях.
Гэта - сухая статыстыка, з якой можна зрабіць некаторыя высновы. Напрыклад:
ад усіх палітычных партый зарэгістраваны 693 чалавекі, 340 - у рэгістрацыі
адмоўлена. Калі параўнаць гэтую колькасць з агульнай нерэгістрацыяй па
краіне, то атрымліваецца, што сярод тых, каму не пашанціла, партыйцаў
- амаль палова. Што з'яўляецца красамоўным паказчыкам стаўлення выбарчых
камісій да партыйных кандыдатаў.
Лідзія Ярмошына назвала і тры асноўныя прычыны адмовы ў рэгістрацыі. Першая:
палітычныя партыі байкатавалі выбары 2000 года, дзе таксама прадугледжвалася
вылучэнне кандыдатаў ад партый. Адпаведна, яны не навучыліся гэта правільна
рабіць. Другая - некарэктны збор подпісаў. Да прыкладу, у Яўгена Крыжаноўскага,
акцёра тэатра "Хрыстафор" і экс-кандыдата ў прэзідэнты, было прызнана
несапраўднымі 15% подпісаў. Трэцяя, і самая галоўная, - недакладнасці
ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, адносна дэкларацый не існуе нейкіх лічбавых
крытэрыяў недакладнасці, зыходзячы з якіх камісія павінна адмовіць у рэгістрацыі
або зарэгістраваць кандыдата ў дэпутаты. Гэтае пытанне вырашае камісія
ў кожным канкрэтным выпадку. Член Партыі БНФ Юрый Хадыка атрымаў адмову
таму, што не задэклараваў 24.000 рублёў (што, паводле яго слоў, складае
0,5% яго гадавога даходу), а брэсцкаму сацыял-дэмакрату з Народнай грамады
сп. Руцкому адмовілі з-за адсутнасці ў дэкларацыі 36 рублёў. Гэта значыць,
сп. Хадыку на падставе прэцэдэнта са сп. Руцкім можна было адмовіць 666,66
раза. А калі параўнаць сп. Руцкога са сп. Даньковым, які не задэклараваў
164.000 рублёў… Жах!
Жах жахам, але падобная методыка дазваляе выбарчым камісіям сарціраваць
людзей на патрэбных і непатрэбных: кагосьці прапускаць і з немалымі парушэннямі
ў дэкларацыях, а кагосьці адсейваць за дробныя. Што ўжо само па сабе стварае
нераўнапраўе.
Аб тым, што для пэўных кандыдатаў ствараюцца прэферэнцыі, ускосна сведчыць
і іншы факт. 22 студзеня, перад пачаткам праверкі дакументаў прэтэндэнтаў
у кандыдаты, на прэс-канферэнцыі Лідзія Ярмошына гаварыла, што 48,8% "кандыдатаў
у кандыдаты" - тыя, хто былі дэпутатамі раней. Пасля праверкі дакументаў,
паводле яе ж сённяшніх слоў, такіх стала 51%. Калі ўлічыць, што адмоўлена
па краіне 2,9% прэтэндэнтаў, то атрымліваецца, што ўсе або практычна ўсе,
хто ўжо мае вопыт дэпутацкай работы, - прайшлі.
Такім чынам, апазіцыя атрымала падставу гаварыць, што адміністрацыйны
рэсурс спрацаваў ужо на этапе рэгістрацыі кандыдатаў.
Урэшце, у партый засталася свая стратэгія, аб чым сведчыць разыходжанне
партыйных лічбаў па вылучаных кандыдатах з лічбамі ЦВК. Гэта значыць партыі
не сталі ўсіх сваіх людзей "засвечваць". Вынікам такой стратэгіі можа
стаць жорсткая сутычка "незалежных кандыдатаў ад апазіцыі" з "адміністратыўшчыкамі".
Гэтая сітуацыя, як ні дзіўна, дае кандыдатам ад палітычных партый шанцы
прайсці ў мясцовыя Саветы. Такі варыянт не выключаны, калі незалежныя
кандыдаты правядуць паўнавартасную агітацыйную кампанію і атрымаюць пераважную
большасць галасоў.
Як ні банальна, але па-сапраўднаму змагацца за галасы выбаршчыкаў - адзіная
для дэмакратычных кандыдатаў магчымасць атрымаць дэпутацкія месцы. З моманту
рэгістрацыі кандыдаты прыступілі да агітацыі, якая можа ажыццяўляцца да
1 сакавіка ўключна. 3 сакавіка вынікі агітацыі мы і пабачым.