ЕЎРОПА ПАГЛЯДЗІЦЬ НА ВЫБАРЫ НАШЫМІ ВАЧЫМА: каментар 19 лютага 2003 года
Аўтар: Сяргей ПУЛЬША, журналіст
Як патлумачыў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах
і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, адсутнасць
запрашэння для назіральнікаў на муніцыпальныя выбары адпавядае сусветнай
практыцы:
- Мы не запрашалі і не будзем запрашаць міжнародных назіральнікаў на гэтыя
выбары. Гэта ў рэчышчы міжнароднай практыкі: міжнароднага назірання патрабуюць
парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. І мы дзейнічаем у рэчышчы агульнай
практыкі.
Падчас нядаўняга візіту спецыяльнай рабочай групы Парламенцкай асамблеі
АБСЕ кіраўнік гэтай групы Ута Цапф заявіла, што АБСЕ не выстаўляе сваіх
назіральнікаў на гэтую кампанію. Рэч проста ў тэрмінах. "Мне здаецца,
што ўжо занадта позна арганізоўваць дэталёвае назіранне за выбарамі, паколькі
нават тэхнічна гэта будзе цяжка зрабіць за такі кароткі тэрмін, - сказала
Ута Цапф. - Таму, хутчэй за ўсё, паўнавартаснага назірання за мясцовымі
выбарамі з боку АБСЕ не будзе".
Тым не менш, наогул без назірання з боку міжнароднай супольнасці беларускія
выбары не застануцца. Новы кіраўнік офіса АБСЕ ў Мінску Эберхард Хайкен
адзначыў, што офіс не паспее арганізаваць паўнавартаснае назіранне за
выбарамі. Аднак па іх выніках супрацоўнікі офіса будуць рабіць спецыяльны
даклад, дзе ацэняць іх дэмакратычнасць.
Нягледзячы на адсутнасць назіральнікаў, папярэднія высновы еўрапейскія
структуры шжо зрабілі - зноў жа, па выніках візіту рабочай групы АБСЕ.
Як адзначыла Ута Цапф, "ёсць прыкметы таго, што мясцовыя выбары ў Беларусі
будуць больш празрыстымі, справядлівымі і свабоднымі, чым прэзідэнцкія
выбары ў 2001 годзе". Тым не менш, яна ж выказала шкадаванне з прычыны
таго, што беларускае выбарчае заканадаўства не было зменена з улікам рэкамендацый,
раней выпрацаваных міжнароднымі арганізацыямі. Спадарыня Цапф таксама
адзначыла, што прадстаўнікі апазіцыйных партый не атрымалі адэкватнага
прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях. "У той час як для апазіцыйных партый
было б пажаданым вылучэнне большай колькасці кандыдатаў, выклікае шкадаванне
той факт, што значнай з'яўляецца колькасць тых, каму было адмоўлена ў
рэгістрацыі з-за другарадных парушэнняў". Такім чынам, ускоснае назіранне
за падрыхтоўкай да выбараў вядзецца ўжо зараз.
Урэшце, на думку, да прыкладу, былога намесніка міністра замежных спраў
Андрэя Саннікава, мясцовыя выбары - занадта дробная "мішэнь" для АБСЕ:
- У прынцыпе, назіранне за выбарамі ў мясцовыя Саветы не ў практыцы АБСЕ.
Там могуць вынесці пастанову па факце выбараў, але каб накіроўваць назіральнікаў,
праводзіць кантроль… Такога звычайна не бывае. Зразумела, што, нягледзячы
на намаганні апазіцыі, палітычных партый, дэмакратычнымі гэтыя выбары
не будуць, - засмучальныя вынікі вылучэння прадстаўнікоў партый у выбарчыя
камісіі розных узроўняў гэта дастаткова красамоўна паказалі.
Пэўна, супрацоўнікі офіса АБСЕ ў Мінску змогуць зрабіць свой даклад, абапіраючыся
перш за ўсё на дзейнасць беларускіх назіральнікаў. Ёсць жа шэраг арганізацый,
якія такое назіранне праводзілі, праводзяць і праводзіць будуць. Дарэчы,
палітычныя партыі таксама маюць права на вылучэнне сваіх назіральнікаў.
Запрашэнне Цэнтрвыбаркама ім не трэба. Іншае пытанне - наколькі ўсё гэта
дазволяць. Сумны досвед прэзідэнцкіх выбараў - 2001 сведчыць, што пры
жаданні нейтралізаваць сістэму назірання можна элементарна.
Тым не менш, напрыклад, Аб'яднаная грамадзянская партыя, паводле слоў
каардынатара АГП па Мінску Леаніда Малахава, збіраецца закрыць назіральнікамі
калі не 100% участкаў, то, прынамсі, тыя, у якіх ідуць кандыдаты ад АГП.
- Мы пастараемся ў першую чаргу закрыць назіральнікамі тыя ўчасткі, па
якіх будзе ісці галасаванне за нашых кандыдатаў. Калі будуць факты парушэнняў
або падтасовак вынікаў галасавання - мы абавязкова паведамім пра гэта
ўсім зацікаўленым структурам, у тым ліку і міжнародным. А калі такіх маніпуляцый
не будзе - мы адсвяткуем перамогу. Нашы кандыдаты ў сваіх акругах працуюць
вельмі актыўна, і мы спадзяемся правесці ў мясцовыя Саветы ўсіх зарэгістраваных
кандыдатаў, а іх 12. Спадзяюся, што так і будзе - у тым выпадку, калі
не будзе фальсіфікацый.
Практычна тое ж самае збіраецца рабіць і Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (Народная Грамада). Толькі скаргі назіральнікаў будуць у першую
чаргу адрасавацца адпаведным беларускім органам.
- Назіранне будзе, як заўсёды, - лічыць лідэр БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч.
- Гэта справа ў першую чаргу саміх кандыдатаў. У выпадку фальсіфікацыі
скаргі будуць пададзены ва ўсе выбарчыя камісіі і пракуратуру. А што да
інфармавання міжнародных структур, калі будуць парушэнні, - заяў налепім,
можаце не сумнявацца.
Так што АБСЕ без звестак назірання за выбарамі не застанецца - нават пры
адсутнасці сваіх назіральнікаў. Тым больш што сп. Хайкен заклікаў усіх
зацікаўленых асоб да супрацоўніцтва з офісам АБСЕ. Выбары даюць яшчэ адзін
штуршок да такога супрацоўніцтва.