Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ КАНДЫДАТЫ ПРАЙГРАЛІ Ў ДРУГІМ ТУРЫ ВЫБАРАЎ У БЕЛААЗЁРСКІ ГАРСАВЕТ

Аўтар: Валянціна КАЗЛОВІЧ, БелаПАН.

Брэст, 5 снежня. Дэмакратычныя кандыдаты Ірына Драчэнка і Дзмітрый Траццяк прайгралі падчас другога тура выбараў у Белаазёрскі гарсавет (Брэсцкая вобласць) 4 снежня. Як раней паведамляў БелаПАН, на мясцовых выбараў у сакавіку гэтага года большасць месцаў у Белаазёрскім гарсавеце атрымалі дэмакраты - члены грамадскіх арганізацый і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). На 23 лістапада ў Белаазёрску былі прызначаны давыбары на 12 участках. Члены БСДП (НГ) зарэгістравалі 9 кандыдатаў ад партыі, тры з якіх вымушаны былі зняць свае кандыдатуры. Выбары адбыліся на 11 участках. Былі абраны 9 дэпутатаў, сярод іх - ні аднаго дэмакрата. У другі тур на ўчастках №№ 11 і 19 прайшлі два кандыдаты ад БСДП (НГ). Другі тур выбараў на гэтых участках адбыўся 4 снежня. Як паведамілі БелаПАН у выбарчай камісіі, на ўчастку № 19 выбары прызнаны несапраўднымі, а на ўчастку № 11 кандыдат ад БСДП (НГ) прайграла з невялікім адрывам ад лідэра. У інтэрв'ю БелаПАН дэпутат Белаазёрскага гарсавета Юрый Губарэвіч адзначыў, што назіральнікі выявілі парушэнні з падлікам галасоў. "На ўчастку, дзе кандыдатам праходзіў Дзмітрый Траццяк, назіральнікі налічылі адну колькасць выбаршчыкаў, якія з'явіліся на ўчасткі для галасавання, а колькасць бюлетэняў аказалася больш. У выніку дэмакратычны кандыдат прайграў каля двух дзесяткаў галасоў. Тут былі выяўлены і іншыя парушэнні, таму выбары прызнаны несапраўднымі. Тым, дзе ішла Ірына Драчэнка, таксама выяўлены парушэнні", - сказаў Юрый Губарэвіч. Ён дадаў, што напярэдадні другога тура выбараў у раённай газеце "Маяк" з'явіліся публікацыі на карысць кандыдатаў ад улады; дэмакратычным кандыдатам у праве публікацый рэдакцыя адмовіла.