Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

НАМЕСНІК СТАРШЫНІ БЕЛААЗЁРСКАГА ГАРСАВЕТА ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО ПАДЧАС ДАВЫБАРАЎ 23 ЛІСТАПАДА БЫЛІ ДАПУШЧАНЫ ШМАТЛІКІЯ ПАРУШЭННІ


2003-11-25 14:38:00

Аўтар: Валянціна КАЗЛОВІЧ, БелаПАН.

Брэст, 25 лістапада. Намеснік старшыні Белаазёрскага гарадскога савета дэпутатаў (Брэсцкая вобласць) Юрый Губарэвіч заяўляе, што падчас давыбараў у белаазёрскі гарсавет 23 лістапада былі дапушчаны шматлікія парушэнні. Як гаворыца ў распаўсюджанай 25 лістапада заяве для СМІ, якую падпісалі Юрый Губарэвіч і старшыня Бярозаўскай раённай арганізацыі БСДП (Народная Грамада) Яўген Акаронка, падчас выбараў назіральнікі фіксавалі факты фальсіфікацый падчас датэрміновага галасавання, маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў і з колькасцю бюлетэняў, атрыманых камісіямі, факты незаконнай агітацыі за кандыдатаў ад працоўных калектываў у дзень выбараў, парушэння пры галасаванні па месцы жыхарства выбаршчыкаў. "Правядзенне перадвыбарнай агітацыі характарызавалася вялікай колькасцю бруду, што быў выліты на незалежных кандыдатаў. У дзяржаўнай прэсе прайшло не менш за пяць публікацый, дзе незалежным партыйным дэпутатам і кандыдатам прыпісвалася распальванне сацыяльнай варожасці, "падкантрольнасць заходнім дырыжорам", прысваенне чужых заслуг, схільнасць да нацысцкай ідэалогіі трэцяга рэйху. У ананімных улётках ачарнялася асабістае жыццё і асабістыя якасці дэпутатаў і кандыдатаў. Усё гэта магло паўплываць на вынікі выбараў", - сказаў Юрый Губарэвіч БелаПАН. Нагадаем, што давыбары праходзілі 23 лістапада ў Белаазёрску ў 12 акругах. Кандыдатамі быў зарэгістраваны 31 чалавек, 9 з якіх пазней знялі свае кандыдатуры. Ніхто з 6 кандыдатаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) не стаў дэпутатам, аднак 2 чалавекі прайшлі ў другі тур, які праз два тыдні будзе праведзены ў 2 акругах, дзе дэпутаты не выбраны. У размове з карэспандэнтам БелаПАН старшыня Белаазёрскай выбарчай камісіі Мікалай Канецкі назваў выбары, якія адбыліся 23 лістапада "самымі дэмакратычнымі". Аднак Юрый Губарэвіч з гэтым не згодны. Паводле яго слоў, па фактах парушэнняў адпраўлены адпаведныя заявы ў Пракуратуру, у Камітэт дзяржбяспекі. "Гэтым выбарам была нададзена самая пільная ўвага. Прысутнічала вялікая колькасць назіральнікаў, у тым ліку дэпутат шведскага парламента Сесілія Вікстрэм і намеснік міжнароднага сектара Сацыял-дэмакратычнай партыі Чэхіі Мілаш Балабан. Але ім катэгарычна было адмоўлена прысутнічаць на выбарчых участках", - сказаў Юрый Губарэвіч.