Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

БСДП (НГ) АБВІНАВАЧВАЕ ЎЛАДЫ БЕЛААЗЁРСКА Ў ЦІСКУ НА ПРАДСТАЎНІКОЎ ПАРТЫІ, ЯКІЯ БАЛАТУЮЦЦА Ў ГАРАДСКІ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 10 лістапада. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) абвінавачвае ўлады Белаазёрска (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці) у аказанні ціску на прадстаўнікоў партыі, якія балатуюцца ў гарадскі савет дэпутатаў. Нагадаем, што 23 лістапада ў Белаазёрску пройдуць паўторныя выбары ў гарадскі савет па 12-ці акругах, дзе не былі абраны дэпутаты падчас выбараў 2 сакавіка. Як паведамляе прэс-служба БСДП (НГ), пра факты ціску гарадскіх уладаў лідэру партыі Мікалаю Статкевічу паведамілі актывісты партыйнай арганізацыі падчас яго наведвання Белаазёрска ў мінулыя выхадныя. "Пад невыносным ціскам уладаў чацвёра з дзесяці сацыял-дэмакратычных кандыдатаў былі вымушаны адмовіцца ад удзелу ў выбарах", - паведамляе прэс-служба партыі. Сацыял-дэмакраты звязваюць "нечуваны нават па беларускіх мерках ціск" на сваіх кандыдатаў з магчымай прыватызацыяй Бярозаўскай ДРЭС - адной з найбуйнейшых у Беларусі. Па беларускім заканадаўстве згоду на прыватызацыю электрастанцыі павінен даваць Белаазёрскі гарсавет, у якім зараз сацыял-дэмакратычныя і беспартыйныя дэпутаты дэмакратычных поглядаў маюць большасць. "Таму ўладам і спатрэбіўся "адноўлены" падкантрольны Белаазёрскі гарсавет", - лічаць у БСДП (НГ). Як паведамляў БелаПАН, з заявай у падтрымку дэпутатаў Белаазёрскага гарсавета і дэмакратычны настроеных кандыдатаў у дэпутаты выступілі сёння і лідэры пяці палітычных партый - Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай партыі працы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Партыі камуністаў Беларускай. Прадстаўнікі "пяцёркі" заклікалі жыхароў Белаазёрска падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 23 лістапада.