Хроніка
ЦВК НЕ ЗГОДНЫ З КАНСТЫТУЦЫЙНЫМ СУДОМ, ЯКІ ПРЫЗНАЎ ПРАВА ДЭПУТАТАЎ ПАРЛАМЕНТА АТРЫМЛІВАЦЬ КОПІІ ВЫБАРЧЫХ ДАКУМЕНТАЎ
2003-07-08 17:30:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск 8 ліпеня. Цэнтрвыбаркам не згодны з меркаваннем Канстытуцыйнага суда, які прызнаў права дэпутатаў парламента знаёміцца і атрымліваць копіі выбарчых дакументаў.
Нагадаем, што з такім запытам яшчэ ў красавіку звяртаўся ў Канстытуцыйны суд дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Навасяд. Падставай для звароту паслужыла сітуацыя, што ўзнікла па выніках выбараў дэпутата Мінгарсавета па Малінінскай выбарчай акрузе Мінска. Па ёй балаціраваўся памочнік У.Навасяда Аляксандр Мельнікаў. Сам парламентарый разам з дэпутатамі Валерыем Фраловым і Уладзімірам Парфяновічам быў назіральнікам у Малінінскай выбарчай акрузе. Падчас падліку галасоў імі была выяўлена неадпаведнасць паміж звесткамі, што паступілі ад чатырох участковых камісій у раённую выбарчую камісію, і копіямі пратаколаў, выдадзеных ім. Розніца склала 600 галасоў на карысць Мельнікава. Гэтага яму хапіла б для перамогі. Аднак выбары ў акрузе прызнаныя непрайшоўшымі.
Дэпутаты звярнуліся ў пракуратуру з просьбай узбудзіць крымінальную справу па факту фальсіфікацыі выбараў у Малінінскай акрузе. Але пракуратура не знайшла падстаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па факту фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
У.Навасяд двойчы звяртаўся да старшыні Ленінскага райвыканкама сталіцы Пятра Грушніка з просьбай прадаставіць яму, у адпаведнасці з артыкулам 18 Закона аб статусе дэпутата, кнігі ўліку выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлетэні для галасавання. Двойчы атрымаўшы адмоўны адказ, парламентарый накіраваў запыт у Канстытуцыйны суд, у якім прасіў даць тлумачэнне артыкула 18 Закона аб статусе дэпутата, дзе гаворыцца аб праве дэпутатаў на непасрэдны ўдзел у разглядзе пастаўленых імі ў звароце пытанняў.
Канстытуцыйны суд прызнаў тое, што дэпутат мае рацыю, аднак указаў - не існуе дакумента, у якім бы нагадвалася, які дзяржаўны орган павінен прадастаўляць дадзеную інфармацыю і прапанаваў яму звярнуцца з такой ініцыятывай у Цэнтрвыбаркам.
У інтэрв'ю БелаПАН У.Навасяд паведаміў: у адказе ЦВК, які паступіў яму, гаворыцца пра тое, што запатрабаваць выбарчыя дакументы, у прыватнасці, копіі спісаў выбаршчыкаў, могуць толькі ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы, напрыклад, суд або пракуратура. У паўнамоцтвы ж дэпутатаў, на думку Цэнтрвыбаркама, такія функцыі не ўваходзяць. Таму, лічаць у ЦВК, няма ніякіх падстаў уносіць змяненні ў пастанову аб парадку захоўвання выбарчых дакументаў.
Сам У.Навасяд лічыць, што ў наяўнасці прававая калізія. "Канстытуцыйны суд, адказваючы на мой запыт, адназначна сказаў, што дэпутаты маюць права атрымліваць копіі выбарчых дакументаў. Цэнтральная ж камісія гэтага права не прызнае", - сказаў ён.
На думку дэпутата, ЦВК "баіцца стварыць прэцэдэнт" напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму і парламенцкіх выбараў 2004 года. "Таму што наша прапанова накіравана на ўдасканальванне выбарчага працэсу. Мы хочам унесці дакладнасць у выбарчае заканадаўства, зрабіць яго больш празрыстым. І мы будзем дамагацца выканання рашэння Канстытуцыйнага суда", - заявіў У.Навасяд.
У хуткім часе ў Цэнтрвыбаркам будзе адпраўлены яшчэ адзін дэпутацкі ліст з прапановай прывесці пастанову ЦВК у адпаведнасць з патрабаваннямі закона, паведаміў дэпутат.