Хроніка
52 ДЭПУТАТЫ З РОЗНЫХ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ АБ'ЯДНАЛІСЯ Ў АСАМБЛЕЮ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ
2003-06-09 20:49:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 9 чэрвеня. 52 дэпутаты з розных рэгіёнаў Беларусі аб'ядналіся ў Асамблею дэпутатаў мясцовых Саветаў. Такое рашэнне было прынятае на з'ездзе гэтых дэпутатаў 8 чэрвеня ў Мінску.
Ідэя стварэння такога аб'яднання абмяркоўвалася прадстаўнікамі розных партый і незалежнымі кандыдатамі на працягу апошніх трох месяцаў. У сакавіку гэтага года была створана ініцыятыўная група, якая правяла неабходную падрыхтоўчую работу.
У асамблею ўвайшлі дэпутаты мясцовых Саветаў, абраныя ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) і незалежныя кандыдаты.
Члены асамблеі ставяць на мэце захаванне незалежнасці Беларусі, выкананне ў краіне правоў чалавека, пабудову дэмакратычнай прававой дзяржавы, стварэнне эфектыўнай эканомікі, вяртанне краіне міжнароднага аўтарытэту, а таксама развіццё ў Беларусі мясцовага самакіравання, што дазваляе эфектыўна вырашаць рэгіянальныя праблемы.
Паводле слоў сакратара ЦК ПКБ Алены Скрыган, такое аб'яднанне неабходна для таго, каб "было магчыма абменьвацца вопытам, ставіць праблемы, запрашаць экспертаў і абмяркоўваць, як найлепш іх вырашаць". "Мы мае вопыт супрацоўніцтва з рознымі палітычнымі сіламі. Гэты вопыт будзе выкарыстаны і ў працы гэтай дэпутацкай групы. Не патрэбна кранаць тое, што нас раз'ядноўвае, гэта пакінем да лепшых часоў. Давайце пагаворым сёння аб тым, што нас усіх аб'ядноўвае: праблемы законнасці, канстытуцыйнасці, правы грамадзян і праблемы рэгіёнаў. Я думаю, гэтыя пытанні мы зможам разам паспрабаваць вырашыць", - сказала А.Скрыган.
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка назваў стварэнне асамблеі "вельмі важным крокам для вяртання нашага грамадства да сваіх вытокаў". "Час ставіць канкрэтныя задачы. Мы зараз на шляху выпрацоўкі канкрэтных планаў барацьбы за пашырэнне дэмакратыі ў нашай краіне", - сказаў палітык.
Пасля дыскусіі і абмеркавання былі прынятыя чатыры дакументы: "Дэкларацыя Асамблеі дэпутатаў мясцовых Саветаў", "Заява Асамблеі дэпутатаў мясцовых Саветаў аб сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне", "Заява аб правядзенні выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў" і рэгламент аб'яднання.
У каардынацыйны савет асамблеі выбраны Васіль Бачок (ПКБ), Марат Афанасьеў (АГП), Леанід Гаравы (БСДГ), Алесь Міхалевіч (БНФ).