Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ЖОДЗІНСКАЯ ГАРАДСКАЯ ПРАКУРАТУРА ЯШЧЭ НА МЕСЯЦ ПРАЦЯГНУЛА РАССЛЕДАВАННЕ ПА ФАКТАХ ФАЛЬСІФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ


2003-05-01 16:36:00

Аўтар: Алесь НІКАЛАЙЧАНКА, БелаПАН.

Жодзіна, 1 мая. Жодзінская гарадская пракуратура (Мінская вобласць) яшчэ на адзін месяц працягнула расследаванне па фактах фальсіфікацыі выбараў у мясцовыя Саветы. Як раней паведамляў БелаПАН, пракуратура пачала сваё расследаванне 25 красавіка ў сувязі са шматлікімі зваротамі, што паступілі ў органы рэспубліканскага і абласнога пракурорскага нагляду на працягу сакавіка. У прыватнасці, у праваахоўныя органы звярталіся прадстаўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Святлана Лапіцкая і яе муж, старшыня мясцовых арганізацый Партыі БНФ і ТБМ, Аляксей Лапіцкі. Яны, як і некаторыя іншыя мясцовыя дэмакраты, балаціраваліся ў абодва органы прадстаўнічай улады. На працягу першых трох дзён аўтары лістоў былі дапытаны супрацоўнікам Жодзінскай гарпракуратуры Уладзімірам Нябоськам. 30 красавіка ён афіцыйна заявіў Лапіцкім, што па прычыне абставін, патрабуючых дадатковага дазнання, працягнуў тэрмін папярэдняга расследавання яшчэ на адзін месяц - да 28 мая. Ад больш падрабязных каментарыяў Уладзімір Нябоська адмовіўся. Як заявіў БелаПАН Аляксей Лапіцкі, факты парушэнняў Выбарчага кодэкса членамі ўчастковых, гарадской і акруговай выбарчых камісій, названыя ў іх скаргах, настолькі сур'ёзныя, што цягнуць на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Нагадаем, што ў Жодзіне толькі па выбарах у гарадскі Савет галасаванне не адбылося амаль у палове акруг. Па гэтым паказчыку горад заняў першае месца ў рэспубліцы.