Хроніка
ПАВОДЛЕ ЗВЕСТАК НІСЭПД, УСЯГО 19,6 ПРАЦЭНТА БЕЛАРУСАЎ ЛІЧАЦЬ, ШТО МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ ПРАЙШЛІ СА ШМАТЛІКІМІ ПАРУШЭННЯМІ
2003-04-21 15:43:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 21 красавіка. Усяго 19,6 працэнта беларусаў лічаць, што мясцовыя выбары, якія адбыліся ў сакавіку 2003 года, прайшлі са шматлікімі парушэннямі. Паводле меркавання 36 працэнтаў, падчас мясцовых выбараў масавых парушэнняў не было. І 44,4 працэнта не змаглі адказаць на пытанне.
Такія звесткі атрыманыя Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) падчас нацыянальнага апытання грамадскай думкі. Апытанне праводзілася ў сакавіку-красавіку, удзел у ім узялі 1 тысяча 488 рэспандэнтаў.
Паводле меркавання НІСЭПД, значны працэнт тых, хто не лічыць выбары недэмакратычнымі, тлумачыцца тым, што апазіцыя і незалежныя назіральнікі гаварылі часцей за ўсё аб парушэннях, якія не відаць шараговаму выбаршчыку і адбываюцца пры яго адсутнасці. Так, зазначае НІСЭПД, найбольшыя парушэнні традыцыйна выклікаў інстытут датэрміновага галасавання. Аднак толькі 6,4 працэнта выбаршчыкаў заявілі, што іх прымушалі галасаваць датэрмінова.
Згодна з даследаваннем, 40,4 працэнта апытаных лічаць, што ва ўсіх кандыдатаў былі роўныя ўмовы для вядзення выбарчай кампаніі. Не згодныя з такім меркаваннем 25 працэнтаў рэспандэнтаў. Пры гэтым 90,3 працэнта апытаных заявілі, што іх не прымушалі галасаваць за канкрэтнага кандыдата.
Тым не менш, у даследаванні ўказваецца, што афіцыйным вынікам мясцовых выбараў давяраюць 45,7 працэнта беларусаў.
59,1 працэнта апытаных заявілі, што давер да выбараў быў бы значна вышэйшым, калі б у склад выбарчых камісій уваходзілі прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл. 13,6 працэнта, наадварот, лічаць, што ў камісіі павінны ўваходзіць "толькі тыя асобы, якія адстойваюць інтарэсы ўлады".