Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ДА 17 КРАСАВІКА ПАДОЎЖАНЫ ТЭРМІН ПРАВЕРКІ ЗАЯВЫ ГРАМАДЗЯН АБ ПАРУШЭННЯХ ПРЫ ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ У МАЛІНІНСКАЙ ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ МІНСКА


2003-04-14 12:42:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 14 красавіка. Рэспубліканская пракуратура падоўжыла да 17 красавіка тэрмін праверкі заявы грамадзян аб парушэннях пры падліку галасоў у Малінінскай выбарчай акрузе Мінска, якія б быццам мелі месца. Аб гэтым БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд. Па Малінінскай выбарчай акрузе ў дэпутаты Мінгарсавета балатаваўся памочнік Уладзіміра Навасяда Аляксандр Мельнікаў. Назіральнікі кандыдата - дэпутаты парламента Уладзімір Парфяновіч, Валерый Фралоў і Уладзімір Навасяд - выявілі неадпаведнасць паміж звесткамі, што паступілі ад чатырох участковых камісій у раённую выбарчую камісію, і копіямі пратаколаў, выдадзенымі ім. Розніца складала 600 галасоў на карысць Мельнікава - гэтага яму хапіла б для перамогі. Аднак было прызнана, што выбары ў акрузе не адбыліся. Не паўплываў на зыход галасавання і паўторны пералік галасоў на спрэчных участках, праведзены па рашэнні Цэнтрвыбаркама. Разам з тым, назіральнікі дабіліся, каб матэрыялы па выбарах у Малінінскай акрухе былі перададзены ў пракуратуру і па гэтым факце была заведзена крымінальная справа па артыкуле 192 (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме альбо адкліканні дэпутата), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да пяці гадоў. Тыдзень таму Мінская гарадская пракуратура перадала матэрыялы сваёй праверкі ў рэспубліканскую пракуратуру. Цяпер яны вернутыя назад для даследавання. Паводле слоў Уладзіміра Навасяда, у лісце за подпісам намесніка генеральнага пракурора Мікалая Купрыянава паведамляецца, што тэрмін праверкі падоўжаны ў сувязі з неабходнасцю апытання вялікай колькасці сведкаў.