Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

СТАЛІЧНАЯ ПРАКУРАТУРА ЗАВЯРШЫЛА ПРАВЕРКУ ЗАЯВЫ ГРАМАДЗЯН АБ ПАРУШЭННЯХ ПРЫ ПАДЛІКУ ГАЛАСОЎ У МАЛІНІНСКАЙ ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ


2003-04-08 11:55:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 8 красавіка. Мінская гарадская пракуратура завяршыла праверку заявы грамадзян аб парушэннях, якія нібыта мелі месца пры падліку галасоў у Малінінскай выбарчай акрузе сталіцы. Сабраныя матэрыялы адпраўлены ў рэспубліканскую пракуратуру. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з заяўнікаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Навасяд. Нагадаем, што ў Малінінскай выбарчай акрузе ў дэпутаты балаціраваўся памочнік Уладзіміра Навасяда Аляксандр Мельнікаў. Назіральнікі кандыдата - дэпутаты парламента Уладзімір Парфяновіч, Валерый Фралоў і Уладзімір Навасяд - выявілі неадпаведнасць паміж звесткамі, што паступілі ад чатырох участковых камісій у раённую выбарчую камісію, і копіямі пратаколаў, выдадзеных ім. Розніца склала 600 галасоў на карысць А.Мельнікава. Гэтага б хапіла яму для перамогі. Аднак выбары ў акрузе былі прызнаны непрайшоўшымі. Не паўплываў на зыход галасавання і паўторны пералік галасоў на спрэчных участках, зроблены паводле рашэння Цэнтрвыбаркама. Аднак назіральнікі настоялі, каб матэрыялы па выбарах у Малінінскай акрузе былі перададзены ў пракуратуру і па гэтым факце была заведзена крымінальная справа па артыкуле 192 (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме або адкліканні дэпутата), які прадугледжвае пазбаўленне волі да пяці гадоў. "Нават калі паўплываць на зыход выбараў мы ўжо не можам, хацелася б разабрацца, чаму ўзнікла гэтая неадпаведнасць пры падліку", - сказаў у інтэрв'ю БелаПАН У.Навасяд. Ён паведаміў таксама, што пакуль не валодае інфармацыяй, да якой высновы прыйшла гарадская пракуратура. "Але калі яны адмовяцца распачаць крымінальную справу па факце фальсіфікацыі выбараў, то тады вымушаны будуць прыцягнуць да адказнасці заяўнікаў - дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў", - лічыць У.Навасяд. Паводле яго слоў, рашэнне аб крымінальнай справе павінен прымаць асабіста генеральны пракурор Віктар Шэйман.