Хроніка
ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ АДМОВІЛАСЯ ЎКЛЮЧЫЦЬ У ПАРАДАК ДНЯ ПАРЛАМЕНЦКІЯ СЛУХАННІ АБ ВЫНІКАХ МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ
2003-04-02 12:47:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 2 красавіка. 2 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі адмовілася ўключыць у парадак дня 6-й сесіі парламенцкія слуханні аб выніках выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і аб праблемах прымянення выбарчага заканадаўства.
З такой ініцыятывай да дэпутацкага корпусу звярнуўся дэпутат Валерый Фралоў. Паводле яго слоў, падставай для ўнясення гэтага пытання ў парламент сталі яго асабістыя назіранні за мясцовымі выбарамі. Валерый Фралоў і яшчэ два дэпутаты - Валерый Навасяд і Уладзімір Парфяновіч - бралі ўдзел у выбарах у якасці назіральнікаў кандыдата ў Мінгарсавет Аляксандра Мельнікава. Паводле слоў Фралова, падчас назірання імі выяўлены "пэўныя парушэнні" выбарчага заканадаўства. Дэпутат паведаміў, што ў сувязі з гэтым ён нават унёс у парламент праект змяненняў у Выбарчы кодэкс.
Аднак, як заявіў старшыня пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенту Міхаіла Сасонка, "не наша кампетэнцыя - займацца тым, што адбывалася месяц або паўтара таму; для гэтага ёсць суды і пракуратура".
Падобную думку выказаў і дэпутат Васіль Хрол. Ён таксама заявіў, што разгляд падобных пытанняў не ўваходзіць у кампетэнцыю Палаты прадстаўнікоў.
У выніку прапанову Валерыя Фралова падтрымалі ўсяго 15 парламентарыяў; 61 выказаўся супраць; астатнія ўстрымаліся.