Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ПКБ НАЗВАЛА АПОШНІЯ МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ САМЫМІ НЕДЭМАКРАТЫЧНЫМІ ЗА ЎСЮ ГІСТОРЫЮ ВЫБАРЧЫХ КАМПАНІЙ У БЕЛАРУСІ


2003-03-24 13:07:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 24 сакавіка. Апошнія выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў сталі самымі недэмакратычнымі за ўсю гісторыю выбарчых кампаній у Беларусі. Такую ацэнку выбарам дала Партыя камуністаў Беларуская (ПКБ) на пасяджэнні бюро ЦК партыі, якое адбылося ў мінулыя выхадныя ў Мінску. Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦК ПКБ Аляксандр Пахлопка, камуністы рыхтаваліся выставіць на выбары 534 кандыдаты. Аднак пад ціскам мясцовых уладаў 174 прадстаўнікі кампартыі былі вымушаны адмовіцца ад удзелу ў выбарах яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі. Яшчэ 23 ужо зарэгістраваныя кандыдаты ад ПКБ выйшлі з кампаніі да першага тура галасавання. Такім чынам, у выніку да выбараў дайшлі 310 членаў ПКБ. 133 камуністы былі абраны дэпутатамі мясцовых Саветаў, у тым ліку 4 - дэпутатамі абласных Саветаў, 61 - раённых і гарадскіх і 68 - сельскіх і пасялковых. Паводле слоў А.Пахлопкі, бюро ЦК КПБ прызнала правільным рашэнне кіраўніцтва партыі, якое вялікае значэнне надало вылучэнню кандыдатаў у пярвічныя Саветы дэпутатаў. На ўзроўні сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатамі сталі каля 90 працэнтаў кандыдатаў ад ПКБ, паведаміў А.Пахлопка. Паводле яго слоў, адразу за мясцовымі выбарамі камуністы пачалі рыхтавацца да парламенцкіх выбараў 2004 года. Як адзначыў сакратар ПКБ, ужо намечаны "некаторыя партыйныя мерапрыемствы" па падрыхтоўцы да парламенцкай выбарчай кампаніі. Акрамя таго, у маі камуністы рыхтуюцца правесці свой чарговы партыйны з'езд. На ім павінна быць прынята новая праграма ПКБ.