Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ЦВК НАКІРАВАЛА Ў ПРАКУРАТУРУ ДАКУМЕНТЫ, ЯКІЯ ТЫЧАЦЦА ВЫБАРАЎ ДЭПУТАТАЎ МІНГАРСАВЕТА ПА МАЛІНІНСКАЙ ВЫБАРЧАЙ АКРУЗЕ


2003-03-19 19:11:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 19 сакавіка. Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў накіравала ў пракуратуру для праверкі ў якасці агульнага нагляду дакументы, якія тычацца выбараў дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета па Малінінскай выбарчай акрузе. Такое рашэнне прынята 19 сакавіка на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама. Выбары ў гэтай акрузе былі прызнаны неадбыўшыміся, паколькі ні адзін з двух прэтэндэнтаў - Аляксандр Мельнікаў (памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Навасяда) і Васіль Букланаў (дырэктар сталічнага вучылішча № 11) - не набралі больш за 50 працэнтаў галасоў, неабходных для перамогі. Прычым, А.Мельнікаву для перамогі не хапіла ўсяго 49 галасоў. У той жа час назіральнікі кандыдата - дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд, Валерый Фралоў і Уладзімір Парфяновіч - выявілі неадпаведнасць паміж звесткамі, што паступілі ад чатырох участковых камісій у раённую выбарчую камісію, і копіямі пратаколаў, выдадзеных назіральнікам. Па падліках назіральнікаў, участковыя камісіі "выкралі" у А.Мельнікава 600 галасоў. У сувязі з гэтым А.Мельнікаў звярнуўся ў ЦВК з просьбай правесці паўторны падлік галасоў на выбарчых участках №№ 3, 8, 9 і 10. Пералік адбыўся 10 сакавіка ў прысутнасці прадстаўнікоў ЦВК і членаў Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Як паведаміла сёння на пасяджэнні член камісіі Надзея Кісялёва, паўторны пералік не выявіў істотных змяненняў у раскладзе бюлетэняў. Выяўленыя на ўчастках неадпаведнасці, паводле яе слоў, складаюць усяго 1-2 галасы на карысць таго ці іншага кандыдата, што не можа паўплываць на вынікі выбараў. Аднак ЦВК не ўдалося высветліць, чаму ўзніклі неадпаведнасці ў пратаколах камісій і копіях, выдадзеных назіральнікам. Таму цяпер устанавіць усе абставіны справы трэба пракуратуры. Тым часам А.Мельнікаў сам звярнуўся ў пракуратуру з заявай узбудзіць крымінальную справу па факту фальсіфікацыі вынікаў галасавання ў Малінінскай выбарчай акрузе сталіцы.