ПАВОДЛЕ ЗВЕСТАК ЦВК, ДЭПУТАТАМІ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ СТАЛІ 257 ПРАДСТАЎНІКОЎ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЙ
2003-03-19 16:08:00
Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.
Мінск, 19 сакавіка. Па выніках прайшоўшай выбарчай кампаніі дэпутатамі мясцовых Саветаў абраныя 257 прадстаўнікоў палітычных партый. Гэта складае ўсяго 1,1 працэнта ад агульнай колькасці дэпутатаў. Такія звесткі паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік на пасяджэнні ЦВК 19 сакавіка.
Паводле яго слоў, найбольшае партыйнае прадстаўніцтва ў мясцовых Саветах будзе мець Камуністычная партыя Беларусі, якая атрымала 107 дэпутацкіх мандатаў. Затым ідуць Партыя камуністаў Беларусі - 78 мандатаў і Аграрная партыя - 39. Астатнія партыі, паводле афіцыйных звестак, маюць больш сціплыя паказчыкі: Партыя БНФ і Аб'яднаная грамадзянская партыя - па 8 дэпутацкіх мандатаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) - 6, Ліберальна-дэмакратычная партыя - 5, Беларуская патрыятычная партыя - 3, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская партыя працы і Беларуская партыя жанчын "Надзея" - па аднаму.
Варта зазначыць, што партыйныя кандыдаты, згодна са звесткамі ЦВК, абіраліся, у асноўным, у Саветы раённага і ніжэйстаячых узроўняў.
Па выніках прайшоўшых выбараў з 24 тысяч 10 дэпутатаў былі абраныя 23 тысячы 469, або 97,78 працэнта.
Удзел у галасаванні ўзялі 5 мільёнаў 214 тысяч чалавек, або 73,4 працэнта выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання.
Сярод дэпутатаў мясцовых Саветаў 44,4 працэнта - жанчыны, 7,15 - моладзь да 30 гадоў, 34,85 - работнікі сельскай гаспадаркі, 19,06 - адукацы, культуры і навукі, 14,82 - работнікі дзяржаўных органаў, 12,48 - прамысловасці, транспарту і сувязі, 8 працэнтаў - аховы здароўя і сферы сацыяльнай абароны. Меней за ўсё ў мясцовых Саветах аказалася прадпрымальнікаў - 0,75 працэнта. Гэта нават менш, чым непрацуючых дэпутатаў, якіх у склад мясцовых Саветаў абрана 2,2 працэнта.
Не адбыліся мясцовыя выбары ў 534 выбарчых акругах. У іх павінны прайсці паўторныя выбары, дату правядзення якіх трэба будзе вызначыць тэрытарыяльным выбарчым камісіям. Пры гэтым усе расходы па іх арганізацыі перакладваюцца на мясцовыя бюджэты.
У сувязі з гэтым, у Цэнтрвыбаркаме не выключаюць, што гэтыя дэпутацкія месцы так і застануцца вакантнымі да наступных мясцовых выбараў 2007 года.