Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

ЦЭНТРВЫБАРКАМ ПАДВЁЎ ВЫНІКІ ДРУГОГА ТУРА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ


2003-03-19 14:23:00

Аўтар: Юрый ПАЦЁМКІН, БелаПАН.

Мінск, 19 сакавіка. 19 сакавіка Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў падвяла на сваім пасяджэнні вынікі другога тура выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, што праходзіў з 11 па 16 сакавіка. Як паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, падчас другога тура галасавання ў мясцовыя Саветы былі дадаткова абраныя 194 дэпутаты, у тым ліку ў Мінску - два дэпутаты, у абласныя Саветы - 27, раённыя - 39, гарадскія Саветы ў гарадах абласнога падпарадкавання -104, гарадскія Саветы гарадоў раённага падпарадкавання -18, пасялковыя Саветы - 3, сельскія Саветы - 1. Паводле звестак ЦВК, сярэдняя яўка выбаршчыкаў у другім туры галасавання склала: у Мінску - 38,2 працэнта, у абласных гарадах - 44, 4 працэнты, раённых - 38,3, гарадах абласнога падпарадкавання - 42,5, гарадах раённага падпарадкавання, сельскіх і пасялковых Саветах - 53,7 працэнта. З дадаткова абраных дэпутатаў 55 ужо з'яўляліся дэпутатамі мясцовых Саветаў; 32 працэнты - работнікі прамысловасці, транспарту і сувязі, 21,6 - аховы здароўя і сацыяльнай сферы, 12,3 - адукацыі, па 6 працэнтаў - ваеннаслужачыя і супрацоўнікі дзяржапарату. Дэпутатамі мясцовых Саветаў у другім туры сталі 22 прадстаўнікі палітычных партый. Камуністычная партыя Беларусіі атрымала 5 мандатаў, Партыя камуністаў Беларуская - 6, Аб'яднаная грамадзянская партыя - 4, столькі ж - Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада); па аднаму мандату атрымалі Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя працы і Партыя БНФ. У васьмі выбарчых акругах выбары ў другім туры прызнаныя непрайшоўшымі, і там павінны прайсці паўторныя выбары. Такім чынам, па выніках другога тура галасавання ў паўнамоцным складзе былі сфарміраваныя ўсе 1.672 мясцовыя Саветы, паведаміў Мікалай Лазавік.