Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

22 ПРАЦЭНТЫ АПЫТАНЫХ МІНЧАН, ЯКІЯ ПРАГАЛАСАВАЛІ НА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАХ ДАТЭРМІНОВА, ЗАЯВІЛІ, ШТО ЗРАБІЛІ ГЭТА ПАД ПРЫМУСАМ


2003-03-19 10:28:00

Аўтар: Леанід МІХЕЙЧЫКАЎ, БелаПАН.

Мінск, 19 сакавіка. 45 працэнтаў выбаршчыкаў Мінска, якія прагаласавалі на мясцовых выбарах 2 сакавіка датэрмінова, прымалі рашэнне аб датэрміновым галасаванні самастойна. Пра гэта яны заявілі падчас зандзіравання грамадскай думкі, праведзенага супрацоўнікамі сацыялагічнай службы "Зеркало" інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 3-6 сакавіка сярод 500 мінчан ва ўзросце ад 18 гадоў. Гэткая ж колькасць "датэрміноўцаў" (45 працэнтаў) рашэнне прагаласаваць раней за 2 сакавіка прымалі пры іншых акалічнасцях. 23 працэнтам з іх "неназойліва" падказалі аб магчымасці датэрміновага галасавання, не прымушаючы да яго. Разам з тым, 22 працэнты апытаных заявілі, што ішлі на датэрміновае галасаванне пад прымусам службовых асоб па месцы працы, вучобы або па месцы жыхарства. І 10 працэнтаў мінчан, якія прагаласавалі датэрмінова, зрабілі гэта з прычыны сваёй занятасці 2 сакавіка. Заўважым, што ад агульнай колькасці мінчан, якія ўказалі на ўдзел у галасаванні 2 сакавіка, пра датэрміновым наведванні выбарчых участкаў заявілі 15 працэнтаў. Практычна ўсе (99,6 працэнта) выбаршчыкі, якія ўзялі ўдзел у выбарах 2 сакавіка, галасавалі на выбарчых участках. І толькі 0,4 працэнта - дома.