Адмысловы праект кампанii БелаПАН
Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2003 года
 
Хроніка

46 ПРАЦЭНТАЎ АПЫТАНЫХ МІНЧАН І 33 ПРАЦЭНТЫ ЖЫХАРОЎ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ ПРЫ ВЫБАРЫ КАНДЫДАТА Ў ДЭПУТАТЫ КІРАВАЛІСЯ ЯГО ПРАГРАМАЙ


2003-03-18 13:30:00

Аўтар: Леанід ІГНАЦЬЕЎ, БелаПАН.

Мінск, 18 сакавіка. 46 працэнтаў мінчан і 33 працэнты жыхароў Мінскай вобласці, якія ўзялі ўдзел у мясцовых выбарах 2 сакавіка, пры выбары кандыдата кіраваліся яго праграмай. Такія дадзеныя анкетавання, праведзенага супрацоўнікамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 3-7 сакавіка сярод жыхароў Мінска і вобласці. Усяго былі апытаны 1.200 рэспандэнтаў. Каля чвэрці з іх (23 працэнты мінчан і 29 працэнтаў жыхароў вобласці адпаведна) аддавалі перавагу асабістым якасцям кандыдата ў дэпутаты. Кожны пяты выбаршчык (20 і 22 працэнты) аддаў даніну павагі "ранейшым справам кандыдата". Значна радзей рэспандэнты кіраваліся парадамі сяброў і знаёмых (9 і 5 працэнтаў), а таксама вынікамі перадвыбарнай агітацыі (5 і 8 працэнтаў адпаведна). Паводле звестак апытання Інстытута сацыялогіі, у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 2 сакавіка ўзялі ўдзел 61 працэнт выбаршчыкаў Мінска і 73 працэнты - Мінскай вобласці. Гэтыя звесткі адпавядаюць лічбам, агучаным Цэнтральнай выбарчай камісіяй.