Хроніка
69 ПРАЦЭНТАЎ АПЫТАНЫХ МІНЧАН НА ВЫБАРАХ 2 САКАВІКА АДДАЛІ СВАЕ ГАЛАСЫ МУЖЧЫНАМ
2003-03-18 11:51:00
Аўтар: Леанід МІХЕЙЧЫКАЎ, БелаПАН.
Мінск, 18 сакавіка. "Якому кандыдату Вы аддалі перавагу?" - з такім пытаннем сацыёлагі службы "Зеркало" інфармацыйнай кампаніі БелаПАН звярнуліся да жыхароў Мінска, якія ўдзельнічалі 2 сакавіка ў выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Падчас зандзіравання грамадскай думкі, праведзенага 3-6 сакавіка, былі апытаны 500 жыхароў беларускай сталіцы ва ўзросце ад 18 гадоў. Паводле звестак апытання, 22 працэнты рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у выбарах, прагаласавалі супраць усіх кандыдатаў у дэпутаты, 6 працэнтаў - сапсавалі бюлетэні.
Большасць жа - 72 працэнты - адзначылі сацыяльна-дэмаграфічныя прыкметы кандыдатаў, за якіх яны галасавалі. З іх 69 працэнтаў аддалі перавагу мужчыне, 31 працэнт - жанчыне.
З пункту гледжання палітычных арыентацый падтрымкай выбаршчыкаў карысталіся "нейтральныя" кандыдаты - 44 працэнты. За "праціўнікаў улады" прагаласавалі 17 працэнтаў рэспандэнтаў, за прыхільнікаў - 14 працэнтаў. 25 працэнтаў выбаршчыкаў не памятаюць, за прадстаўніка якой палітычнай арыентацыі яны аддалі свае галасы.
Практычна столькі ж выбаршчыкаў - 27 працэнтаў - не памятаюць, прадстаўніка якой прафесіі яны падтрымалі. 24 працэнты прагаласавалі за медыцынскіх работнікаў і кіраўнікоў школ. Кожны дзесяты выбаршчык хацеў у ролі свайго дэпутата бачыць эканаміста-практыка (11 працэнтаў) або прадпрымальніка (10 працэнтаў). 8 працэнтаў аддалі перавагу юрысту. Меншую падтрымку на мясцовых выбарах у Мінску атрымалі: кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў (6 працэнтаў), члены палітычных партый (5 працэнтаў), дзеячы культуры і вучоныя (па 4 працэнты). І зусім нямногія выбаршчыкі галасавалі на выбарах за прадстаўнікоў арміі, МУС, КДБ (2 працэнты) і за журналістаў (1 працэнт).